У Варшаве паказалі фільм пра ўдзельнікаў Плошчы (фота)
Паказ фільма "Даволі! Да Волі…" адбыўся 27 лістапада ў Палацы культуры і навукі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў праект Palitviazni.info.
Пасля прагляду фільма прайшла дыскусія, падчас якой абмяркоўвалася цяперашняя палітычная сітуацыя ў Беларусі, а таксама сітуацыя з правамі чалавека. Удзел у дыскусіі ўзялі дырэктарка тэлеканала "Белсат" Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктар фонду "Еўрапейская Беларусь" Зміцер Бародка, беларускі палітэмігрант Зміцер Бандарэнка і Гжэгаж Жукоўскі з Amnesty International. Мадэратарам дыскусіі выступіў палітолаг Павал Усаў.
Дакументальны фільм "Даволі! Да Волі..." знялі рэжысёры Вячаслаў Ракіцкі і Андрэй Куціла. Фільм прысвечаны падзеям у Беларусі ў снежні 2010 года, калі была разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Следчая, судовая і турэмная сістэмы ў фільме паказаная вачыма ўдзельнікаў пратэсту, якія прайшлі праз турмы. Зняты ён быў на замову тэлеканала Белсат. Адзначаны ўзнагародаю публікі як найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалі OFF у харвацкім горадзе Опузэн.

