У сядзібе БНФ адбудзецца пасяджанне аргкамітэта па адзначэнні Дня Волі
Асноўнымі лозунгамі святкавання, паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, стануць "Свабода палітвязням!" і "Абаронім незалежнасць!".
У сядзібе БНФ у Мінску 9 лютага адбудзецца пашыранае пасяджанне аргкамітэта па адзначэнні Дня Волі 25 сакавіка. Арганізатары заяўляюць, што асноўным лозунгам акцыі стане патрабаванне да ўладаў вызваліць палітвязняў і спыніць пераслед палітычных апанентаў.
У папярэднім абмеркаванні фармату акцыі, якое адбылося ўвечары 8 лютага, узялі ўдзел прадстаўнікі БНФ (Аляксей Янукевіч), Руху "За свабоду" (Аляксандар Мілінкевіч), Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі (Віталь Рымашэўскі), "Еўрапейскай Беларусі" (Віктар Івашкевіч) і "Маладога фронту" (Мікола Дземідзенка). Чакаецца, што сёння да іх далучацца прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі і іншых суб'ектаў дэмсілаў. Рашэнне адносна фармату акцыі і падачы заяўкі пакуль не прынятае, паведамляе Радыё Свабода.
Фота: iljava.livejournal.com