У Мінску аднаўляецца суд над кніжнікам Алесем Яўдахам

Заснавальніка беларускамоўнага інтэрнэт-сэрвісу "Кнігі поштай" Яўдаху вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Ён дасылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і многіх іншых, якія цяжка набыць у дзяржаўных крамах. У гэтым пракуратура ўгледзела незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд.

Як нагадвае Радыё "Свабода", абвінавачанне замовіла 230 сведкаў — карыстальнікаў паслуг – з розных гарадоў краіны. Вялікая частка з іх на знак падтрымкі Яўдахі не з'явілася ў суд.

Суд над Яўдахам распачаўся летась. У лістападзе яго перапынілі дзеля экспэртызы матэрыялаў справы. Паводле абвінавачання Алесю Яўдаху пагражае ад двух гадоў абмежавання волі да трох гадоў турмы.