У Маскве паболела гастарбайтэраў з Беларусі
Беларусы едуць туды на заробкі — усе квіткі на цягнікі ў маскоўскім кірунку раскупляюцца, хоць і значна падаражэлі.
Паводле ацэнак чыгуначнікаў, болей за 6 тысяч беларусаў штодня прыбывае ў расійскую сталіцу. Сярод іх вельмі шмат тых, хто шукае працу. Большасць прыезджых — гэта высокакваліфікаваныя будаўнікі. Яны прызнаюцца, што запаветныя 500 долараў зараблялі толькі ў Мінску, а вось у Магілёве, напрыклад, да крызісу будаўнік атрымліваў 1 мільён 200 тысяч. Цяпер гэта нават меней за 250 долараў.
У Маскву едуць афіцыянты, бармэны, менэджэры па продажах, а таксама інструктары па фітнэсе і супрацоўнікі салонаў прыгажосці. Як паведамляе “Нямецкая хваля”, маскоўскія кадравы агенцтвы рыхтаваліся да наплыву гастарбайтэраў з захаду яшчэ калі абвясцілі, што каля 600 тысяч беларусаў могуць застацца без працы.
Шансаў зарабіць у Маскве ў беларусаў шмат: яны звычайна маюць добрую кваліфікацыю, а веданне рускай мовы і славянская знешнасць робяць іх пажаданымі работнікамі.