У Грузіі патэнтуюць хачапуры і сулугуні, а ў Беларусі — склад каўбасы
Пакуль у суседніх краінах рэгіструюць нацыянальныя стравы, у Беларусі ганарацца “Мілавіцай” ды халадзільнікамі “Атлант”.
Хачапуры, сулугуні і чача — цяпер запатэнтаваныя нацыянальныя грузінскія стравы. Агулам жа Грузія зарэгістравала каля 30 страваў. Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці патэнтуе свае нацыянальныя стравы Беларусь. Хаця б тыя ж дранікі. З такім пытаннем звяртаемся ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.
“Мне не пападалася, на маёй памяці такога не было”, — адказваюць у цэнтры.
Беларускія прадпрыемствы патэнтуюць хіба толькі склад прадуктаў, якія вырабляюць: напрыклад — каўбасы.
У Беларусі нацыянальныя брэнды зарэгістраваныя на ўзроўні асобных прадпрыемстваў, гавораць у Цэнтры:
“У нас зарэгістраваныя брэнды на ўзроўні фірм. У нас 14 брэндаў зарэгістравана. Гэта “Мілавіца”, “Атлант”, “Савушкін прадукт”, “Песняры”.
Паводле супрацоўніцы Цэнтру інтэлектуальнай уласнасці, рэгістрацыя хачапуры і сулугуні — амаль тое самае, што зарэгістраваць бліны ці боршч.
“Парадаксальная сітуацыя. Можна такім чынам зарэгістраваць боршч і бліны. Грузінскія стравы могуць гатаваць у кожным рэстаране — і што, зараз там не змогуць іх гатаваць?”.
З зарэгістраваных нацыянальных беларускіх страваў можна прыгадаць хіба што толькі крамбамбулю. Гэты напой выпускае канцэрн “БелПі” — праўда, толькі як гандлёвую марку ўнутры Беларусі.
“Марка “Крамбамбуля” зарэгістраваная ў Беларусі. Па-першае, цяпер нам ніхто не можа забараніць яе рабіць, бо калі б нехта зарэгістраваў яе раней, мы не змаглі б яе выпускаць”, — агучвае плюсы такой рэгістрацыі намеснік дырэктара канцэрну “БелПі” Зміцер Дайнека.
Сама рэгістрацыя, дарэчы, займае аж два гады!
Рэстаран “Камяніца” гатуе стравы нацыянальнай кухні. Але яны не патэнтаваліся, гаворыць дырэктар рэстарана. На яго думку, зараз гэта не мае сэнсу.
“Нам было б цікава запатэнтаваць стравы. Але немагчыма запатэнтаваць страву адной установе. У Грузіі патэнт дзяржаўны. Нам было б неразумна запатэнтаваць зараз дранікі, а пасля забараняць іх рабіць па кватэрах. Калі казаць пра грузінскую кухню, то яна больш вядомая за беларускую”.
Гісторык і адзін з аўтараў кнігі “Наша страва. Сапраўдная беларуская кухня” Алесь Белы наракае, што ў Беларусі наогул няма механізму рэгістрацыі нацыянальных страваў.
“Спачатку трэба зрабіць унутрынацыянальны механізм абароны геаграфічных індыкатараў — а потым пачаць працу па рэгістрацыі канкрэтных страваў. Але для гэтага яны мусяць існаваць. Паступова можна падключацца да еўрапейскіх і сусветных працэсаў з лепшымі стравамі, якія пройдуць рэгістрацыю на нацыянальным узроўні”.
Паводле гісторыка, сёння ў суседніх краінах ужо зарэгістравалі шмат страваў. Прычым для Польшчы і Беларусі некаторыя з іх — агульныя. Але рэгіструюцца там яны як эксклюзіўныя.
“Сёе-тое ёсць у Беларусі, а дакладней — было, калі казаць пра стравы. Але яны імкліва засвойваюцца суседзямі. У выніку мы самі сябе абкрадаем, бо не спрабуем адшукаць пэўныя механізмы”.
Згодна з яго словамі, ужо зараз палякі спрабуюць зарэгістраваць кіндзюк, які з’яўляецца агульнай з беларусамі стравай.
Нават у Расіі ўжо запатэнтавалі валагодскае масла. А Беларусь хутка будзе плаціць суседзям, калі тыя зарэгіструюць у сябе дранікі.
Фото: en.wikipedia.org