У Фрунзенскі суд прывезлі шмат збітых

Праваабаронца ПЦ “Вясна” Алеся распавяла Еўрарадыё пра затрыманні ў Фрунзенскім раёне.
Еўрарадыё: Распавядзіце, дзе вы зараз знаходзіцеся і што вы бачыце?
Праваабаронца: “Мы цяпер знаходзімся ў Фрунзенскім судзе. Мы спрабуем разабрацца з сітуацыяй, што здарылася з людзьмі, якіх жостка забіралі ўчора вечарам па ўсім Мінску. У прыватнасці ў Фрунзенскім раёне проста ні за што затрымлівалі. Людзі гулялі па горадзе з дзецьмі, у кампаніі, было дастаткова позна – каля 9 гадзінаў, спыніліся, бо ўбачылі знаёмую і спыніліся з ёй пагаварыць, адразу падышоў міліцыянер і сказаў, што тут нельга спыняцца. Яму адказалі, што зараз мы сыдзем, толькі троху пагаворым з сяброўкай. Літаральна за дзве хвіліны пад’язжае аўтобус, забярае ўсіх, вельмі жостка – ўсіх проста грузяць даверху нагамі. На аднаго чалавека па сем чалавек у штацкім. І звозяць... На дадзены момант, мы цалкам і не ведаем пра лёс часткі людзей. Ніякай інфармацыі немагчыма атрымаць. Не ідуць ні на які кантакт, людзі проста адмоўчваюцца, кажуць, што нікога няма. Мы ўчора дзяжурылі каля Фрунзенскага РУУС да двух гадзінаў ночы, падыходзілі да варот і пыталіся, дзе людзі, якіх учора забралі. Нам адказвалі, што нікога няма, можаце іх тут не шукаць, бо іх адвезлі на Акрэсціна. І літаральна праз пяць хвілін мы бачылі людзей у вокнах і ведалі, што менавіта іх забіралі на Фрунзенскай... Хлусяць нам проста на кожным кроку і дамагчыся прынамсі слова, вельмі складана”.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што хлапцоў жостка грузілі ў аўтобус, а ці ведаеце вы пара канкрэтныя факты збіцця?
Праваабаронца: “Так. Калі мы сёння прыйшлі зранку да суда да пяці гадзінаў, прыкладна праз дзве гадзіны пад’ехала, як яны назвалі, першая партыя людзей, якіх забіралі ўчора. Малады чалавек быў у вельмі цяжкім стане. У яго было збіты ўвесь твар, у яго была майка ў крыві, праваахоўнікі загадалі яе зняць, бо па іх меркаванню, яна вельмі прыцягвала ўвагу, ён быў увесь брудны, яго трэсла... Ён не мог нармальна хадзіць.  Яму выклікалі хуткую, яна прыехала праз хвілін 15, яго аглядзелі – і адразу забралі. Як мне паведамілі хлапцы, якія выходзілі з РУУС, што ноччу двум людзям, аднаму маладому, а другому сталага ўзросту, таксама выклікалі хуткую і забралі з РУУСа”.
Еўрарадыё: Ці ёсць інфармацыя, ці гэта здзяйснялі невядомыя ў цывільным, якія незразумела да якіх структур належаць, ці спрычыніліся да збіццяў супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС?
Праваабаронца: “Гэта былі невядомыя людзі ў цывільным. У нейкім мікрааўтобусе, прычым, ён выглядаў як турыстычны з нумарамі – ніякага падазрэння ён не выклікаў. З яго выбегла 15 велізарных людзей ў цывільным. Сёння, калі мы чакалі нейкай інфармацыі, мы паспрабавалі паразмаўляць з мясцовым міліцыянерам. Я асабіста пыталася ў яго: “На вуліцах проста дзейнічае нейкая банда людзей, якія на сваіх аўтобусах, збіваюць людзей і забіраюць невядома куды, чаму вы нічога не робіце?”. Ён маўчаў хвлілін пяць, у выніку сказаў мне, што ён на гэтае пытанне не адкажа”.
Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што Фрунзенскім РУУС кіруе сын лідара ліберальнай партыі Сяргея Гайдукевіча Алег Гайдукевіч. У абарону свайго сына Сяргей Гайдукевіч сказаў, што Алег вельмі разумны, інтэлігенты і ўвогуле прафесіянал. Па тым, што вы бачылі, што вы чулі ад супрацоўнікаў РАУС, ці можна прыйсці да высновы, што гэтую ўстанову ўзначальвае чалаве інтэлегентны і сапраўдны прафесіянал?
Праваабаронца: “Цяжка меркаваць. Яны не выходзяць на кантакт. Гэта проста людзі-зомбі нейкія. Яны не аказваюць на ніякія пытанні, ніяк не рэагуюць. Учора, калі забіралі людзей людзі ў цывільным, я паспела падбегчы да міліцыянта, які таксама там быў, ён быў у форме. Я падбегла да яго і махала рукой і пыталася: “Вы што, сляпы?! Паглядзіце, забяраюць людзей!”. Ён павярнуўся і адказаў мне: “Так, я аслеп”. І тыя і тыя цалкам неадэкватныя, замбаваныя, якія няглядзечы не на што, будуць рабіць тое, што ім загадалі”.