У "Доме правасуддзя" ідуць масавыя суды

Пра гэта распавёў карэспандэнт Еўрарадыё Віталь Ругайн.
Ругайн: “Я знаходжуся каля "Дома Правасуддзя" на вуліцы Сямашкі. Тут месцяцца адразу тры сталічныя суды: Ленінскі, Кастрычніцкі і Першамайскі. І ўва ўсіх трох судах адбываюцца працэсы над удзельнікамі ўчарашніх акцыяў. На кожны з трох судоў прыходзіцца прыблізна па 15 затрыманых. У мяне на вачах адбылося цікавае здарэнне: супрацоўніца суда падышла да журналістаў і праваабаронцаў і пачала перапісваць спіс людзей, якіх будуць судзіць. Калі я запытаўся, нашто яна гэта робіць, яна адказала, што яны самі ўпершыню бачаць спісы затрыманых. Яна не ведала нават, хто тут гэтыя спісы вывесіў і хто людзей па гэтых судах размяркоўваў.
Я прысутнічаў на адным з судовых паседжанняў разам з бацькамі таго хлопца, якога людзі ў цывільным сцягнулі з ровара. Яму далі пяць сутак. Па версіі тых, хто яго затрымліваў, едучы на ровары, ён размахваў рукамі і нецэнзурна лаяўся. Яго затрымалі, прывезлі ў РАУС. Потым туды прыехалі ягоныя бацькі, ровар ім аддалі, аднак не вярнулі прафесійную камеру. А інфармацыю з флэшкі адфарматавалі некалькі разоў на некалькіх кампутарах, што сведчыць, што міліцыянты ўжо ведаюць, што выдаленую інфармацыю потым можна аднавіць.
Зараз у судзе працягваюцца паседжанні. Яны ішлі і падчас абедзенага перапынку. У асноўным людзям даюць ад 5 да 15 сутак. Быў прысуджаны і адзін штраф - пажылой спадарыні, якая была затрыманая калі гіпермаркета “Гіпа” разам з сяброўкай. Сяброўка зараз знаходзіцца ў 9-й клінічнай бальніцы з дыягназам гіпертанічны крыз.