У Бабруйску разгортваецца антыядзерная ініцыятыва
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл горада пачалі збор подпісаў пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць будаўніцтва АЭС.
"У зборы подпісаў пад зваротам аб спыненні будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў нашай краіне будуць удзельнічаць усе мясцовыя аддзяленні палітычных партый і арганізацый, што ўваходзяць у Раду дэмакратычных сіл Бабруйскага рэгіёна", — распавяла праваабарончаму цэнтру "Вясна" каардынатар кампаніі "Гавары праўду" Алена Мядзведзева.
"Мы лічым абсалютна немэтазгодным ажыццяўляць будаўніцтва АЭС у Беларусі, якая да гэтага часу не адышла ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.Так званы мірны атам вельмі небяспечны, гэта ў чарговы раз даказала аварыя на японскай атамнай электрастанцыі “Фукусіма-1”, — мяркуе Мядзведзева.
Акрамя збору подпісаў, бабруйскія актывісты маюць намер распаўсюджваць разнастайныя матэрыялы антыядзернай тэматыкі.