Турфірмы: Губляем траціну кліентаў

“Цяпер не стаіць пытанне зарабіць, стаіць пытанне выжыць”, — скардзяцца ў турфірме “Алые паруса”. Сёлетні сезон прынёс турфірмам і аператарам страты. Колькасць кліентаў знізілася дзе на 30%, а дзе і больш ў параўнанні з леташнім сезонам.

“Калі раней тэлефон разрываўся з ранку да вечара”, — прыгадвае аператарка турфірмы “Бэст-трэвэл", — “то цяпер максімум 5 тэлефанаванняў на дзень. Калі з іх два-тры турысты за тыдзень пагодзяцца ехаць — таксама добра”.

У турфірме “Бі-тур” праз крызіс страцілі значную колькасць турыстаў.

“Мяркую, што адсоткаў 30. Пастаянныя кліенты, якія адпачываюць ужо некалькі год, прыходзяць, астатнія — не так”.


У кампаніі “Алые паруса” таксама зменшыўся продаж тураў, цвердзіць дырэктарка Таццяна Моніч.

“У нашай кампаніі ў тры разы зменшыліся продажы. У першую чаргу ад адпачынку адмовіўся так званы бюджэтны кліент”.


У турагенцтвах заўважаюць, што цяпер беларусы выбіраюць бюджэтныя туры. З большага едуць у Крым ды Балгарыю, бо гэта самыя танныя варыянты. За Крым у гэтым годзе турыст заплаціць блізу 300 долараў, а за адпачынак ў Балгарыі — каля 300 еўра.  Па-ранейшаму актуальны адпачынак у Турцыі, запэўніваюць у агенцтвах. Аднаму тут можна адпачыць за 700 долараў.

У Крым беларусы ездзяць аўтобусам, цягніком і на ўласным аўто. Прычым аўтобус абыйдзецца танней. Калі ехаць цягніком, будзе каштаваць блізу 150 долараў у абодва бакі. А аўтобус абыйдзецца ў 90 долараў, то бок на 60 долараў танней. Кемлівыя беларусы ўжо паспелі гэта заўважыць, таму цягніком ездзяць няшмат, зазначае дырэктарка турфірмы “Алые паруса”.

“Калі летась быў ажыятаж з квіткамі і да цягніка Мінск-Сімферопаль прычапляўся вагон, то цяпер, нават зараз, калі набліжаецца пік сезону, у людзей няма праблемаў з квіткамі, яны нават могуць выбіраць”.


А вось у кампаніі “Белавіа” наадварот — кліентаў стала больш. Давялося нават стварыць некалькі дадатковых рэйсаў, адзін з якіх Мінск — Сімферопаль. Такі пералёт, дарэчы, будзе каштаваць 190 еўра ў абодва бакі. За 5 першых месяцаў 2011 года, кампанія мае прырост пасажыраў, упэўнівае намеснік дырэктара “Белавіа” Ігар Чаргінец.

“За 5 месяцаў мы перавезлі на 22, 6 % больш пасажыраў, чым за 5 месяцаў мінулага году”.


Пры гэтым некаторыя курортныя рэйсы адмяняюцца. Але кіраўніцтва кампаніі не звязвае гэта з падзеннем попыту сярод турыстаў.

“Частка рэйсаў зараз адмяняецца. Але проста заказчыкі гэтых рэйсаў, турыстычныя кампаніі запланавалі агромністы рост гэтых рэйсаў у параўнанні з узроўнем мінулага года”.


У Міністэрстве спорту і турызму прызнаюць, што турыстаў стане менш, чым летась.

“Дзесьці будзе падзенне па выездзе на 20% у гэты сезон”, — кажа дырэктар Дэпартамента па турызме пры Мінспорту Вадзім Кармазін.


А вось у Беларусь турысты едуць. Больш, чым раней.

“Турфірмы прынялі каля 67 тысяч чалавек за паўгода. Гэта на 17% больш за  мінулы год”.

У верасні Еўрарадыё праверыць, дзе і як адпачывалі беларусы.

Фота: yandex.ru