Ці ведаюць міністры беларускую мову?
Чыноўнікі сцвярджаюць, што іх міністры беларускую мову ведаюць. Але гаварыць на матчынай мове з кіраўніком нікому з іх не давялося.
Нягледзячы на зацверджанае Канстытуцыяй двухмоўе, пераважная большасць чыноўнікаў на працы рэдка карыстаецца матчынай мовай. Праўда, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, часцей адказваюць тым жа.
Як, да прыкладу, адна з супрацоўніц Міністэрства адукацыі Ірына Уладзіміраўна. Кіраўнік яе ведамства Сяргей Маскевіч днямі заявіў, што валоданне абедзвюма мовамі — абавязак кожнага грамадзяніна краіны.
Супрацоўніца Мінадукацыі: “Калі да мяне звяртаюцца па-беларуску, то трэба ж адказваць па-беларуску!”
Ірына Уладзіміраўна ўзгадала толькі адну супрацоўніцу міністэрства, якая пастаянна гаворыць па-беларуску. Міністр, па яе словах, мову ведае. Праўда, самой гаварыць з кіраўніком на матчынай мове не давялося.
Супрацоўніца Мінадукацыі: “Асабіста я за гэта — лічу, што трэба, каб не толькі ў нашым міністэрстве, але і ў любым, размаўлялі і па-руску, і па-беларуску”.
Усе супрацоўнікі Міністэрства фінансаў разумеюць беларускую мову, а некаторыя нават валодаюць ёй, па-руску ўпэўнівае Еўрарадыё прэс-сакратар Ірына Комар. Ёй нават даводзілася чуць беларускую мову ў калідорах Мінфіна! Вось толькі ўзровень ведання мовы міністра не ведае.
Ірына Комар: “Часам бывае — чую ад спецыялістаў нашых, нейкіх кіраўнікоў упраўленняў, чую і беларускую, і рускую мову. На дадзены момант я не магу сказаць, наколькі свабодна ён (міністр фінансаў Андрэй Харкавец — Еўрарадыё) валодае беларускай мовай. Але ў працоўным парадку, наколькі я сутыкаюся па працы і бачу, то на дадзены момант у нас руская мова пераважвае”.
Супрацоўніца міжнароднага аддзела Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алена Віктараўна прызнаецца, што не чула, каб хто ў міністэрстве размаўляў па-беларуску. Ёй жа па працы рабіць гэта некалькі разоў даводзілася.
Алена Віктараўна: "Я не чула (каб хто размаўляў па-беларуску — Еўрарадыё), я асабіста. Але гэта не азначае, што такіх людзей няма. І асабіста мне некалькі разоў давялося размаўляць — да мяне звярталіся і я адказвала. Увогуле, мову я ведаю і разумею. Праўда, на жаль, не заўсёды карыстаюся. Але бываюць выпадкі, калі карыстаюся”.
Вось толькі нягледзячы на тое, што карэспандэнт размаўляў па-беларуску, яна упарта адказвала па-руску. Высветліць веданне матчынай мовы міністра, прызнаецца, не давялося.
Алена Віктараўна: "Нават калі недзе сустракаеш яго, то проста вітаемся і ўсё. Ведаеце, не вызначыш, на якой мове ёй ківае галавой у знак вітання”.
Па-руску ўпэўнівае Еўрарадыё ў сваім валоданні беларускай мовай і адзін з супрацоўнікаў прэс-службы Памежнага камітэта. А ў якасці пацверджання кажа пра тое, што ледзь не палова ўсёй дакументацыі ў іх вядзецца на мове.
Памежны камітэт: “Палова дакументаў у мяне на рускай мове, палова — на беларускай. Працую і з тым, і з другім”.
Суразмоўца Еўрарадыё сведчыць, што валодае мовай і старшыня камітэта. Але адказваць далей адмаўляецца. Нават пра тое, ці гаворыць хто з калег па-беларуску.
На беларускай адказвае на пытанні кіраўнік прэс-службы Нацбанка Аляксандр Цімашэнка. Нават плануе сайт Нацбанка перавесці на мову. Узровень ведання мовы Надзеі Ермаковай пакуль не праверыў.
Аляксандр Цімашэнка: “Пры жаданні знайсці супрацоўнікаў, якія добра ведаюць беларускую мову, праблем няма. Дакладна ведаю — у прыёмнай аднаго з намеснікаў старшыні сакратар размаўляе выключна па-беларуску. А правяраць, наколькі яна (Надзея Ермакова — Еўрарадыё) актыўна размаўляе па-беларуску, у мяне не было нагоды”.
Лёгка пераскоквае з адной мовы на другую сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Да прыкладу, пра сваю любоў да матчынай мовы і беларускай літаратуры ён распавядае па-беларуску, а пра стаўленне да мовы Лідзіі Ярмошынай адказвае па-руску.
Мікалай Лазавік: “У нас ніколі не стаяла нацыянальнае пытанне. Я думаю: яна, па-мойму, нават і не беларуска. Ці беларуска? Не, у анкеце яна ўказвае, што яна ўкраінка. Але яна атрымала самую сапраўдную інтэрнацыянальную адукацыю і, мяркую, выдатна разумее і рускую, і беларускую, і ўкраінскую мову. Хаця пры такой мабільнасці асноўнай мовай у яе была і застаецца руская”.
Шкада, што сакратар Цэнтравыбаркама не мае нікога, з кім мог бы ў ЦВК пагаварыць па-беларуску.
Наогул чыноўнікі мову ведаюць, але на ёй не гавораць.
Фота: bymedia.net