Суткі незаконнага арышту суд ацаніў у 240 тысяч рублёў
Юлія Гарачанкова, затрыманая летась на маўклівай акцыі пратэсту, праз суд атрымала кампенсацыю.
Яе незаконна асудзілі на пяць сутак арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Суд Першамайскага раёна прызначыў кампенсацыю ў 1,2 мільёна рублёў.
Як адзначае праваабарончы сайт "Вясна", дзяўчына прасіла спагнаць 10 мільёнаў рублёў. На такую суму яна ацаніла свой незаконны адміністрацыйны арышт, падчас якога атрымала фізічныя і маральныя пакуты. Па словах Юліі, у камерах была няякасная вада, жахлівая антысанітарыя, брудныя матрацы, перанаселенасць— на 5 ложкаў восем чалавек.
Аднак суд Першамайскага раёна прызначыў значна меншую маральную кампенсацыю. Гарачанкова звярнулася з касацыйнай скаргай на такое рашэнне ў судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда. Аднак суддзі калегіі пакінулі рашэнне суда Першамайскага раёна без зменаў. Па іх словах, "пры вызначэнні памеру кампенсацыі маральнай шкоды судом абгрунтавана прынятыя пад увагу канкрэтныя абставіны справы, улічаныя ступень маральных і фізічных пакутаў ісціцы, узрост і яе індывідуальныя асаблівасці, а таксама прынцып разумнасці і справядлівасці”.
Фота — bygeo.ru