Судовыя выканаўцы пагражаюць даўжнікам “Аўтаўраганам”
Толькі прыбораў такіх ўсяго каля 20 на ўсю краіну. Ды і машыны, запісаныя на сваякоў даўжнікоў, яны не знаходзяць.
Вышэйшы гаспадарчы суд напужаў даішнікамі адразу шэсць даўжнікоў.
Прэс-служба ВГС: “Проста ёсць такія неплацельшчыкі, якія цягам працяглага часу не выконваюць выканаўчыя дакументы. Ведаючы, што ў ДАІ ёсць магчымасць выяўляць такія транспартныя сродкі, звярнуліся да іх па дапамогу”.
За дзень сумеснага рэйда старшы судовы выканаўца Вышэйшага гаспадарчага суда і два экіпажы сталічнай ДАІ выявілі 6 машын даўжнікоў. Праўда, ніводную з іх не арыштавалі.
Прэс-служба ВГС: “Калі казаць шчыра, там былі машыны, якія лічацца за даўжнікамі агульных судоў. Але паколькі службы гаспадарчых і агульных судоў узаемадзейнічаюць, але на рэйдзе быў наш выканаўца, то ён ніякіх выканаўчых дзеянняў не рабіў, а проста патлумачыў, што яны павінны зрабіць, каб у іх гэтыя машыны не патрапілі пад арышт”.
Як даведалася Еўрарадыё, цяпер “Аўтаўраганам” будуць сканаваць дарогі па ўсёй краіне. Аднак у прэс-службе рэспубліканскай ДАІ Еўрарадыё прызналіся, што “Аўтаўраганы” можна пералічыць на пальцах: прыборы вельмі дорага каштуюць, іх усяго па 3 штукі на вобласць. Звычайна ловяць з дапамогай гэтай сістэмы аўтааматараў, пазбаўленых права кіравання, ды скрадзеныя машыны.
Прэс-служба ДАІ МУС: “У базу загружаныя ўсе пазбаўленыя пасведчанняў кіроўцы і аўтамабілі, якія ім належаць. Гэты прыбор скануе плынь, і калі знаходзіць патрэбны нумар, ён падае сігнал, што ў плыні знаходзіцца аўто з нумарам, кіроўца якога пазбаўлены права кіравання. Не факт, што кіраваць аўтамабілем будзе менавіта гэты кіроўца, але звычайна кіруюць менавіта гэтыя. Таксама выяўляюцца аўтамабілі, якія лічацца скрадзенымі, на якія накладзены арышт — аўтамабілі, звязаныя з правапарушэннямі”.
Толькі калі даўжнік загадзя падбаў аб “бяспецы” свайго аўто і аформіў яго на кагосьці са сваякоў, то ніякі “Аўтаўраган” не дапаможа судоваму выканаўцу яго выявіць і арыштаваць.
Прэс-служба ДАІ МУС: “Калі яны аформілі на сваякоў, то іх не ўвядуць у базу — там могуць быць толькі аўтамабілі, якія належаць канкрэтным людзям”.
Пра ўсе свае рэйды з выкарыстаннем “Аўтаўрагану” ДАІ паведамляе загадзя. Маўляў, іх мэта — каб на дарогу не выязджалі кіроўцы, пазбаўленыя права язды. Такая практыка наўрад ці задаволіць судовых выканаўцаў. Сачыце за паведамленнямі ДАІ.
Фота: http://fota.bymedia.net/