Студэнты: Мы эгаісты – нас задавальняе, як ёсць!
Сталічныя студэнты не супраць, каб льготы на праезд былі ва ўсіх, але губляць свае льготы ў знак салідарнасці яны не згодныя.
Група студэнтаў-актывістаў мінскіх ВНУ перадала праз міністра адукацыі зварот да Савета Міністраў з патрабаваннем альбо зрабіць праезд у гарадскім транспарце бясплатным для ўсіх, альбо адмяніць льготу для іх. Але студэнтка юрыдычнага факультэта БДУ Вольга з такой пастаноўкай пытання не згодныя.
Студэнтка Вольга: “Мы эгаісты – нас задавальняе, як ёсць!”
Еўрарадыё: “А пакрыўдзіцеся на гэтых актывістаў, калі з-за іх адменяць ілготны праезд вам?”
Студэнтка Вольга: “Гэтыя чуткі даўно ходзяць – што нам гэта ўсё адменяць. Таму, іх візіт туды, на мой погляд, нічога не зменіць: калі адменяць, то адменяць. Чаго на іх крыўдаваць?!”
З такой пазіцыяй не пагаджаецца студэнт хімфака БДУ Андрэй. Ён нават не пакрыўдзіцца, калі з-за некага пазбавіцца льготнага праезду.
Андрэй:“Я лічу, што трэба ўсім зрабіць льготны праезд”.
Еўрарадыё: “А калі замест гэтага табе льготы адменяць?”
Андрэй: “Я не буду моцна расстройвацца, бо лічу, што гэта будзе справядліва”.
Але хлопцы таго ж юрфака Аляксей і Сяргей падтрымліваюць Вольгу.
Аляксей і Сяргей: “Мы супраць (каб сталічным студэнтам у знак салідарнасці адмянілі льготны праезд – Еўрарадыё), нас задавальняе тое, што ў Мінску мы бясплатна ездзім. Хай хоць нешта ў нас будзе! Мы ў Мінску жывём, а што робіцца ў іншых гарадах – хай вырашаюць мясцовыя выканкамы”.
І прывялі безліч аргументаў, чаму сталічныя студэнты павінны мець лепшыя ўмовы за студэнтаў з рэгіёнаў.
Аляксей і Сяргей: “Непараўнальная плата за навучанне – у Брэсце, да прыкладу, значна менш каштуе навучанне, чым у БДУ. Па-другое, у Брэсце значна таннейшы праезд. Па-трэцяе, там вучацца людзі альбо мясцовыя, альбо з суседніх мястэчак, якія даязджаюць да месца навучання на электрычках. Ды і горад меншы па маштабах. Жытло там можна знайсці побач з універсітэтам за значна меншыя грошы, чым у Мінску. У Мінску ж больш транспарту – трамваі, тралейбусы, аўтобусы, даводзіцца рабіць шмат перасадак. І калі няма праязнога, то трэба прабіваць некалькі квіткоў, што значна павялічвае нагрузку”.
А студэнтка геаграфічнага факультэта Ганна тлумачыць, чаму пазбаўляць льготнага праезду нельга нават студэнтаў-платнікаў сталічных ВНУ.
Ганна: “Калі студэнт вучыцца платна – гэта не азначае, што ў яго шмат грошай. Бо і за інтэрнат зараз узнімаюць плату ў 5 разоў: калі зараз 20 тысяч, то будзе 110. А калі яшчэ за аўтобус... Калі б адлегласць была невялікая, я б пешшу хадзіла да ўнівера, а калі мне 2 гадзіны ісці, то...”
На пытанне, ці хопіць ім стыпендыі на пражыццё, калі льготы на праезд у гарадскім транспарце адменяць, то тут суразмоўцы Еўрарадыё разышліся ў меркаваннях. Адны ўпэўнена казалі, што хопіць, іншыя былі не так ўпэўненыя, але абяцалі выжыць. Трэція ж, як тая ж Вольга з юрфака і яе сяброўка Анжэла, папярэджваюць – будуць ездзіць зайцам.
Вольга і Анжэла: “А што нам застаецца рабіць?! Адзін квіточак на тыдзень будзем старацца набываць. Вось, я ў першую змену, а яна ў другую – будзем мяняцца. Будзем прагульваць! Да таго ж, студэнты пахудзеюць яшчэ больш".
Але страйкаваць студэнты ў любым выпадку не збіраюцца.
Фота: Змітра Лукашука