Сёння ўрачыста адкрыюць пазачарговую адукацыйную праграму імя Каліноўскага

Урачыстае адкрыццё пазачарговай адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага адбудзецца 21 сакавіка. Такая неабходнасць з'явілася ў сувязі са шматлікімі фактамі адлічэнняў студэнтаў з беларускіх ВНУ пасля падзеяў 19 снежня. Польскі ўрад абвясціў аб пачатку набору студэнтаў на праграму для рэпрэсаванай моладзі імя Каліноўскага яшчэ ў студзені, і неўзабаве для вызначаных асобаў пачнуцца падрыхтоўчыя курсы польскай мовы.

Згодна са звесткамі Камітэту абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", урад Польшчы зацвердзіў на гэты год 150 стыпендыяў для студэнтаў, 50 стыпендыяў для дактарантаў і 10 навуковых стыпендыяў для выкладчыкаў.

Старшыня камітэту Іна Кулей кажа, што праграма прадугледжвае атрыманне вышэйшай адукацыі і вучобы ў аспірантуры для людзей, якія зазналі арышты, затрыманні, адлічэнні з сярэдне-спэцыяльных і вышэйшых навучальных установаў; у каго былі ператрусы альбо штрафы, а таксама дзецям рэпрэсаваных палітыкаў, сябрам грамадскіх арганізацыяў і кампаніяў, якія цярпелі пераслед з боку ўлады, паведамляе Радыё Свабода.