“Рэвалюцыянераў” аштрафавалі за маты
За дробнае хуліганства асудзілі разам Пракаповіча і Халезіна.
У судах Ленінскага і Партызанскага раёнаў асудзілі 9 чалавек. Сярод іх Сяргей Канаплянік, Дзмітрый Белуш, Максім Рагавой, Дзмітры Казар, Андрэй і Аляксей Дварэцкія. А таксама Максім Чарняўскі, Зміцер Бялых і Зміцер Рахуба.
Хлапцоў звінавацілі ў тым, што яны брудна лаяліся і не рэагавалі на папярэджанні міліцыі.
“Мы проста стаялі, нас было каля 10 чалавек. У пэўны момант я ўбачыў, што на нас бяжыць каля 80 супрацоўнікаў спецназа”, — распавядае пра сваё затрыманне Максім Чарняўскі, — “Я адразу пабег, прабег метраў 100. Мяне схапілі, ударылі ў скронь.У мяне балелі вочы. Потым нас запхнулі ў аўтобус, там таксама памясілі і адвезлі ў Ленінскі РАЎС”.
Усевалад Яцкоў не даехаў да суда Ленінскага раёна, яго перасадзілі ў невядомую белую машыну, сцвярджае праваабаронца Алёна Якубоўская.
“У Ленінскі суд везлі 6 чалавек, але аднаго чалавека вывезлі ў невядомым кірунку на нейкай белай машыне”.
Маці Андрэя і Аляксея Дварэцкіх мусіла сустрэцца з сынамі ўвечары 22 чэрвеня. Сваякі планавалі спаткацца на Нямізе, але гэтага не адбылося, распавядае Ілона Дварэцкая.
“Яны мне абяцалі, што нікуды не пойдуць. Мы дамовіліся сустрэцца. Я казала: чакайце мяне на Нямізе. Тэлефон іх не адказваў. А праз паўгадзіны мы ім датэлефанаваліся і яны сказалі, што яны ў Ленінскім РАУСе”.
Журналіст Алег Груздзіловіч пазнаёміўся з братамі Дварэцкімі пасля свайго затрымання. Яны разам сядзелі ў актавай зале Ленінскага РАУСа. Адзін з хлапцоў пераймаўся, што не паспее на іспыт, прыгадвае Груздзіловіч.
“Яны паміж сабой казалі: навошта мы пабеглі з гэтымі людзьмі. Маўляў, трэба было стаяць на месцы, тады б нас не затрымалі. А так там людзі пабеглі, баючыся, што іх затрымаюць, і яны разам з імі пабеглі”.
У судзе Савецкага раёну асудзілі 8 чалавек. Штрафы атрымалі Уладзімір Шульга, Юрый Халезін, Павел Кудзелка, Сяргей Майшук, Леанід Холад, Павел Пракаповіч, Канстанцін Сакалоўскі, Аляксандр Руцкі. Хлапцы мусяць заплаціць ад 17,5 тысяч да 1 мільёна.
У судзе Цэнтральнага раёну штрафамі пакаралі Кульгуна, Аніскевіча, Вайцяховіча, Судніка, Аляксюткіна, Фомчанкава.
Пакараны штрафам у 700 тысяч Уладзімір Аніскевіч пакуль не ведае, як будзе выплочваць гэтыя грошы.
“Спачатку нас 40 чалавек сабралі ў РАУС. Пасля 5 чалавек пакінулі. У выніку сёння быў суд і кожны атрымаў у раёне 700 тысяч штрафу. Не ведаю, як буду выплочваць. Спазніўся сёння на працу”.
Праваабаронцы лічаць, што сёлетнія затрыманні выкліканыя страхам улады перад 3 ліпеня.
“Мне падаецца, што ўлады баяцца 3 ліпеня. І ўсе гэтыя меры накіраваныя на тое, каб у гэты дзень не было ніякіх акцыяў. Тут няма за што ў прынцыпе прыцягваць да адказнасці”, — упэўнівае праваабаронца Наста Лойка.
Паводле звестак праваабаронцаў, у Мінску 22 чэрвеня былі затрыманыя 220 чалавек. Па рэспубліцы міліцыя затрымала 500 чалавек. Агулам жа на вуліцы выйшла каля 10 000 тысяч чалавек у 40 гарадах Беларусі.