Расійскі праваабаронца Андрэй Юраў пакінуў Беларусь
Кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі вылецеў з Мінску і ўжо знаходзіцца ў Маскве.
Пра гэта паведамілі ў Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
Расійскі праваабаронца Андрэй Юраў па патрабаванні беларускіх праваахоўных органаў пакінуў Беларусь раніцай 18 сакавіка.
Нагадаем, Юраў прыбыў у Мінск 14 сакавіка. 16 сакавіка ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і ноч правёў у Савецкім РУУС. Беларускія ўлады паведамілі праваабаронцу, што 4 сакавіка ён ўнесены ў спіс асобаў, знаходжанне якіх непажаданае на тэрыторыі Беларусі. Яму было выдадзена прадпісанне цягам 24 гадзін пакінуць Беларусь.
Прадстаўнік амбасады Расіі Вадзім Гусеў заявіў у размове з карэспандэнтам "Свабоды", што беларускі МЗС пакуль не даў падрабязных тлумачэнняў адносна дэпартацыі Юрава.