Прычын сябраваць з Лукашэнкам у Партугаліі не бачаць
Карэспандэнт Еўрарадыё даведаўся ў будучага міністра фінансаў Партугаліі, чым іх дзяржава падобная да Беларусі і якія будуць адносіны паміж нашымі краінамі.
Новы ўрад Партугаліі будзе прытрымлівацца ў зносінах з Беларуссю абмежаванняў, уведзеных кіраўніцтвам Еўрасаюза. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы заявіў верагодны міністр фінансаў Партугаліі, эканаміст Антоніа Лейтэ (Antonio Leite).
Антоніа Лейтэ: “Што тычыцца Беларусі, то гэта краіна, з якой у нас менш сувязяў (чым з Расіяй і Ўкраінай — Еўрарадыё). І нам бы па магчымасці хацелася б гэтыя сувязі пашырыць. Але ёсць палітычныя пытанні. І ў нас пазіцыі вельмі блізкія да тых пазіцый, якія мае Еўрапейская камісія і большасць краін Еўрасаюза. І сёння я не бачу ніякіх прычын для таго, каб гэта неяк змянялася”.
Нагадаем, 24 сакавіка прэм’ер-міністр Партугаліі Жазэ Сакратэш перадаў прэзідэнту краіны заяву аб адстаўцы ўрада. Прычынай адстаўкі стала адмова парламента зацвердзіць экстранны пакет мер па скарачэнні дзяржбюджэта. Зараз фармуецца новы ўрад. І найхутчэй менавіта Антоніа Лейтэ, у нядаўнім мінулым кіраўнік Лісабонскай біржы (Lisbon Stock Market), зойме пасаду міністра фінансаў.
Дарэчы, папярэдні ўрад найперш сыйшоў у адстаўку з-за бюджэтнага крызісу. А вось прычыны ўзнікнення гэтага крызісу, кажа Антонія Лейтэ, у тым, што дзяржава спрабавала вырашаць праблемы эканомікі краіны не з дапамогай яе рэфармавання, а з дапамогай датацый. Што вельмі падобна да таго, як вырашае эканамічныя праблемы кіраўніцтва Беларусі.
Антоніа Лейтэ: “Праблемы (бюджэта — Еўрарадыё) найперш звязаныя са значным павелічэннем дзяржаўных выдаткаў і дзяржаўным фінансаваннем шмат якіх галін і аспектаў, што прыводзіла да ўсё большых запазычанасцяў. З-за гэтага фінансавая сітуацыя краіны значна пагоршылася і крэдыторы сталі сумнявацца, з-за вялікага аб’ёму пазыкаў, у тым, што ўсе гэтыя пазыкі будуць выплачаныя ў неабходны момант”.
Яшчэ адно падабенства Партугаліі і Беларусі ў вялікай прысутнасці дзяржавы ў эканоміцы. Па словах эканаміста, новы ўрад будзе настойваць на значным скарачэнні “дзяржкіравання” эканомікай. Менавіта ў гэтым, кажа, бычыцца адзін са шляхоў вывядзення краіны з крызісу. Хоць меры гэтыя лічацца непапулярнымі.
Антоніа Лейтэ: “Што тычыцца непапулярных мер, то яны связаныя галоўным чынам са змяншэннем вагі дзяржавы ў эканоміцы. А гэта ў сваю чаргу азначае, што каб аказаць сацыяльную падтрымку тым, каму яна патрэбная, для таго, каб падтрымаць падмурак “сацыяльнай дзяржавы”, неабходна будзе скараціць выдаткі адміністрацыі. Неабходна засяродзіцца на галоўным і пакінуць ўбаку знешнія праявы багацця, якія цалкам непрадуктыўныя”.
Яшчэ адной з непапулярных мер новага ўраду стане адмова скараціць пенсійны ўзрост. Зараз партугальцы сыходзяць на пенсію ў 67 гадоў. Верагодна, дойдзе да павышэння падаткаў, скарачэння пенсій і сацыяльных выплат. Але Антоніа Лейтэ ўпэўнены, што такіх акцый пратэсту супраць такіх мер, як у Грэцыі, у Партугаліі не будзе.
Антоніа Лейтэ: “Наша і іспанская сітуацыя зусім іншыя, чым у Грэцыі. Хоць прапанаваныя меры ўсё адно вельмі жорсткія. І таму нам (новаму ўраду — Еўрарадыё) неабходна вялікая палітычная падтрымка з боку тых, хто разумее, што краіне неабходна выжыванне. Праўда, ўсё адно мы павінны быць гатовыя, што ўзнікнуць нейкія складанасці. Але я спадзяюся, што яны будуць адрознівацца ад грэцкіх”.
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў будучага міністра, наколькі верагодна, што спраўдзяцца песімістычныя прагнозы наконт будучага адзінай еўрапейскай валюты. Але па словах эканаміста, еўра не знікне і ніхто ў Еўропе адмаўляцца ад яго не будзе. Хаця б таму, што гэта... не выгадна.
Антоніа Лейтэ: “Калі мы выйдзем з зоны еўра, у нас будуць пазыкі ў еўра і актывы ў слабой грашовай нацыянальнай адзінцы. Таму я лічу, што мы павінны зрабіць усё для таго, каб эканоміка ўзмацнілася ў межах тых правілаў, якія ёсць сёння”.
І адным з такіх правілаў гульні стане згода Партугаліі на атрыманне ад партнёраў па еўразоне фінансавай дапамогі. Як гэта ўжо зрабілі Грэцыя і Ірландыя.
Лісабон