Суды над брэстаўчанамі сталі больш жорсткімі
Пра вынікі судоў у Брэсце расказаў Еўрарадыё праваабаронца Раман Кісляк.
Еўрарадыё: Наколькі жорсткімі былі прысуды?
Кісляк: “Рашэнні судоў у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі былі больш жорсткімі ў параўнанні з папярэднімі судовымі працэсамі. Пяць чалавек атрымалі штрафы ў памеры 20 базавых велічынь. Адзін чалавек атрымаў 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Гэта больш жорсткія пакаранні, чым былі раней, раней давалі ад трох да 15 базавых велічынь”.
Еўрарадыё: Якія асноўныя абвінавачванні, што было запісана ў пратаколах?
Кісляк: “Вінавацяць у тым, што ішлі і пляскалі далонямі рук, чым выражалі сацыяльны пратэст, сацыяльны палітычны настрой, так было напісана ў пратаколах”.
Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце, наколькі актыўны і шырокі пратэст у Брэсце?
Ктсляк: “На мой погляд, гэта беспрэцэдэнтныя па масавасці пратэсты, што за апошнія гады праходзілі ў горадзе. Раней такіх акцый не было. Я лічу, што людзям ужо набалела, усе негатыўныя з’явы ў грамадстве выклікаюць іх на акцыі пратэсту, на выражэнне свайго меркавання. Ва ўмовах, калі ўлады забараняюць правядзенне масавых мерапрыемстваў амаль на ўсёй тэрыторыі горада Брэста, у публічных месцах, людзі вымушаныя такім прыхаваным спосабам выходзіць на маўклівыя акцыі і пратэставаць толькі хлопаннем у далоні”.
Еўрарадыё: Хто затрымліваў удзельнікаў акцыі і наколькі актыўнымі былі тыя, хто затрымліваў?
Кісляк: “У Брэсце назіраецца такая тэндэнцыя, вось апошняя акцыя паказала, што спрабуюць затрымліваць супрацоўнікі міліцыі і іншых праваахоўных службаў акурат пераапранутыя ў цывільнае. Яны не выглядаюць як супрацоўнікі міліцыі, часта не прадстаўляюцца, яны літаральна нападаюць і людзі спрабуюць супраціўляцца гэтым нападзенням. Былі выпадкі, калі мінакі адбівалі, пратэставалі супраць такіх грубых затрыманняў без ніякіх падставаў. То бок, супрацоўнікі, што затрымліваюць, не прыводзяць ніякіх аргументаў для затрымання і людзі такім чынам пратэстуюць, перашкаджаюць затрыманням. Некалькі чалавек былі літаральна адбітыя і такім чынам пазбеглі затрыманняў”.
Еўрарадыё: Ці ўдалося на судовых працэсах прысутнічаць праваабаронцам, адвакатам? І ці прыслухоўваліся суддзі да аргументаў, якія прыводзіліся ў абарону абвінавачаных?
Кісляк: “Складана сказаць. Па-мойму суд не адпавядае крытэрыю аб’ектыўнасці і бесстароннасці. На апошнім судзе, які адбыўся ўчора, лоюдзей пусцілі ў залу, дзе адбывалася паседжанне. Некалькі дзён раней суды праходзілі ў кабінетах, часта супрацоўнікі міліцыі, якія давалі паказанні ўвогуле не выходзілі, чулі ўсё, што кажуць абвінавачаныя, і маглі карэктаваць свае паказанні. То бок вельмі розныя сітуацыі ў залежнасці ад таго, які суддзя вядзе справу. Але безумоўна, не звяртаюць увагі суды на пратэсты, ігнаруюць назіранні праваабаронцаў”.