Прагноз праваабаронцаў: сёння за маўклівы пратэст асудзяць каля 30 чалавек
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў Еўрарадыё пра тое, чаго чакаць ад судовых працэсаў над затрыманымі 29 чэрвеня.
Еўрарадыё: Ці выдомая дакладная лічба затрыманых падчас учорашняй маўклівай акцыі пратэсту?
Валянцін Стэфановіч: Колькі было затрымана - скажаць цяжка, бо інфармацыя няпоўная. Думаю, што ў Мінску каля 30 асобаў правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А раніцай іх па чарзе дастаўляюць у раённыя суды Мінска. На іх былі складзеныя пратаколы адміністрацыйных парушэннеў па артыкуле 17.1. Як і ў мінулую сераду, усе яны дружна лаяліся матам у грамадскім месцы.
Еўрарадыё: Колькі дакладна склалі такіх пратаколаў?
Валянцін Стэфановіч: Невядома. Мяркуем, што сёння каля 30 чалавек асудзяць.
Еўрарадыё: Якое пакаранне іх чакае?
Валянцін Стэфановіч: Тут скажаць цяжка, якая зараз будзе тэндэнцыя. У мінулы раз, відавочна, не было ўказанняў караць іх жостка – выносілі штрафы. Але зараз можа атрымацца, што будуць выносіць і адміністрацыйныя арышты. Бо санкцыі артыкула 17.1 прадугледжвае і арышт да 15 сутак.
Еўрарадыё: За тое, што нібыта палаяўся матам – на 15 сутак?
Валянцін Стэфановіч: Так. Бяда ў тым, што матам ніхто не лаяўся. Гэта чарговая сістэмная фальсіфікацыя.
Еўрарадыё: Ці моцна збівалі ўдзельнікаў акцыі? У якім стане знаходзяцца затрыманыя і тыя, хто ўжо выйшаў з РАУСаў?
Валянцін Стэфановіч: Ёсць інфармацыя пра тое, што збівалі. Прычым, збівалі ўжо затрыманых, у аўтобусах. Ёсць пацярпелыя. Колькі іх і якая сітуацыя, пакуль сказаць складана. Мы хочам у сябе на сайце змясціць абвестку, каб людзі, якія пацярпелі, звярталіся да нас. Мы будзем дапамагаць пісаць скаргі ў пракуратуру на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, а таксама збіраць інфармацыю для перадачы яе ў Камітэт па катаваннях ААН.
Еўрарадыё: Ці засталіся яшчэ грошы на штрафы, актыўны збор якіх быў наладжаны на мінулым тыдні?
Валянцін Стэфановіч: Яшчэ засталіся. Нам былі перададзены сродкі, якія грамадства збірала і, трэба адзнацыць, некаторыя людзі наўпрост прыходзілі да нас і прыносілі грошы, каб дапамагчы тым, хто пацярпеў і каму вынеслі штрафы. Зараз будзем глядзець. Калі пкараюць каго штрафам, а не адміністрацыйным арыштам, дык трэба будзе думаць і арганізатарам акцыі. І, відаць, трэба будзе зноўку абвясціць кампанію па збору сродкаў для людзей, якім давядзецца гэтыя штрафы аплочваць.
Сумны прагноз Валянціна Стэфановіча спраўдзіўся падчас падрыхтоўкі матэрыяла да публікацыі. Моладзевую актывістку Паліну Кур’яновіч пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Гэта першы падобны прысуд за 4 акцыі маўклівага супраціву, што прайшлі ў Беларусі.