Пра якую “чырвоную рысу” Лукашэнка папярэдзіў амбасадараў?

120220 Eurafokus_0.mp3

Напярэдадні пасяджэння Савета міністраў краін ЕС кіраўнік Беларусі скарыстаўся магчымасцю і папярэдзіў еўрапейцаў пра небяспеку пераходу пэўнай мяжы ў пытанні санкцый.

Аляксандр Лукашэнка: “Гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль трываем. Але калі толькі вы пераступіце чырвоную рысу, мы адкажам вельмі жорстка”. Лукашэнка: Калі толькі вы пераступіце чырвоную рысу, мы адкажам вельмі жорстка

Гэта было сказана 20 лютага, калі кіраўнік прымаў даверчыя граматы ў паслоў Аргенціны, Ізраіля, КНР, Люксембурга, Нарвегіі, Сан-Марына, Эфіопіі і Японіі, а таксама ў апостальскага нунцыя.

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, усе пагрозы — звычайная агрэсіўная рыторыка ў стылі Аляксандра Лукашэнкі, за якой нічога не стаіць.

Валерый Карбалевіч: “У Еўропе ўжо ўсе прызвычаіліся да такой агрэсіўнай палітыкі Лукашэнкі, і наўрад ці хто будзе звяртаць на яе ўвагу. Еўрапейскіх палітыкаў наўрад ці гэтым можна напалохаць. Калі яны не гатовыя рабіць нейкія рашучыя крокі, то не з прычыны гэтых грозных заяваў Лукашэнкі, а з прычыны больш важных прагматычных матываў — найперш, эканамічных”. Карбалевіч: Еўрапейскіх палітыкаў наўрад ці гэтым можна напалохаць

На сустрэчы кіраўніка Беларусі з амбасадарамі не было прадстаўнікоў вядучых еўрапейскіх краін. Затое быў, да прыкладу, амбасадар Кітая. Але эксперт не лічыць, што сказанае адрасавалася найперш яму. Маўляў, заявы рабіліся тады і ў прысутнасці тых, хто ў зручны момант апынуўся побач.

“Лукашэнка проста скарыстаўся момантам, каб зрабіць заяву наконт знешнепалітычнай пазіцыі нашай краіны”, — лічыць дэкан факультэта міжнародных адносінаў БДУ Віктар Шадурскі. Праўда, на тэму, што гэта за “чырвоная рыса”, якую згадаў кіраўнік краіны, і што трэба зрабіць еўрапейцам, каб яе перакрочыць, дэкан разважаць не стаў. Адзначыў толькі, што наўрад ці мы да яе хоць калі дойдзем, а не тое што — перакрочым.

Віктар Шадурскі: “Зразумела, што Беларусь зацікаўленая ў эканамічным развіцці, і тыя краіны, якія завязаныя на Беларусь, — на транзіт і гэтак далей. Таму — да чырвонай рысы яшчэ вельмі доўга. І мы яе наўрад ці дасягнем. Ды і бакі гэтага не хочуць. А спіс... Ну, спіс (неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў — Еўрарадыё) існуе, ён ёсць і неяк усе навучыліся з гэтым спісам жыць”. Шадурскі: да чырвонай рысы яшчэ вельмі доўга. І мы яе наўрад ці дасягнем

Прагназаваць, ці прыслухаюцца еўрапалітыкі да слоў Лукашэнкі падчас сваёй сустрэчы 23 лютага і абмеркавання магчымага пашырэння санкцый супраць нашай краіны, эксперт не стаў. Але ўпэўнены, што яны ўважліва слухаюць усё, што кажа кіраўнік нашай краіны.

У адрозненне ад калег, палітолаг Юрый Шаўцоў ведае самае балючае месца беларускага рэжыму, ціск на якое можа стаць той чырвонай рысай, якую Лукашэнка заклікаў не пераходзіць.

Юрый Шаўцоў: “Самае горшае, што можа зрабіць Еўрапейскі саюз для Беларусі, — перакрыць экспарт беларускай нафтаперапрацоўкі ў Еўропу. Калі гэта адбудзецца, то гэта паставіць беларускую эканоміку на мяжу калапсу. І тады адзіным выйсцем для Беларусі стане рэзка ідэнтыфікаваць свае адносіны з Расіяй”.

І першымі, лічыць эксперт, пацерпяць дыппрадстаўніцтвы краін ЕС — яны могуць застацца без амбасадараў, як іх калегі з ЗША. Але ці дойдзе да гэтага, Шаўцоў прагназаваць не стаў.