ПАСЕ заклікае Беларусь адмовіцца ад смяротнай кары

Парламенцкая асамблея Савета Еўропы заклікае Беларусь, ЗША і Японію адмовіцца ад практыкі прымянення смяротнай кары, паведамляе БелаПАН.


"Еўрапейскі вопыт пераканаўча паказвае, што смяротная кара не патрэбна для барацьбы з гвалтоўнымі злачынствамі і што палітычныя лідары, якія сталі ініцыятарамі яе адмены, не сутыкнуліся з негатыўнай рэакцыяй з боку грамадства", — гаворыцца ў дакуменце.

ПАСЕ асудзіла пакаранні смерцю, якія працягваюцца ў Беларусі з 2008 года і якія "значна падарвалі давер да заяў Беларусі аб жаданні зблізіцца з сям'ёй еўрапейскіх дэмакратычных дзяржаў, якія абараняюць правы чалавека і чалавечую годнасць".

Асамблея зноў заклікала беларускія ўлады аб'явіць мараторый на смяротную кару і распачаць неабходныя захады для яе адмены заканадаўча.