Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі"
Гэта працяг аналагічнага закону, прынятага ў 2004 годзе.
У красавіку сёлета новы закон разгледзеў Сенат ЗША. Цяпер дакумэнт мае назву "Акт аб дэмакраты і правах чалавека ў Беларусі", перадае Радыё "Свабода".
"Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі" заклікае вызваліць ўсіх палітвязняў у Беларусі. У дакуменце гаворыцца пра непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Новы закон забараняе наведваць ЗША вышэйшым службовым асобам Беларусі, іх найбліжэйшым сваякам, а таксама іншым асобам, якія ўдзельнічаюць у парушэннях правоў чалавека і барацьбе з дэмакратыяй. У тым ліку гаворка ідзе і пра тых, хто ўдзельнічаў у разгоне акцыі 19 снежня.
Акрамя таго, дакумент забараняе фінансаваць праекты беларускай дзяржавы за выключэннем паставак гуманітарных і сельскагаспадарчых тавараў і тавараў медычнага прызначэння. Закон таксама прадугледжвае блакаванне рахункаў, якія належаць найвышэйшаму кіраўніцтву Беларусі або іх сямейнікам, а таксама асобам, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з дэмакратыяй, ды іхным сямейнікам.
Таксама ў дакуменце змяшчаецца заклік да Міжнароднай федэрацыі хакею не праводзіць у 2014 годзе чэмпіянат свету ў Мінску, калі не будуць вызваленыя палітвязні.
Амерыканскія заканадаўцы рэкамэндавалі прэзідэнту ЗША падтрымаць вяшчанне Радыё Свабода, Голасу Амерыкі, Еўрапейскага радыё для Беларусі і Белсату.