Паклёп на незалежных журналістаў падхапілі раённыя газеты
Пачалі кампанію дыскрэдытацыі Шарамета і Класкоўскага дзяржаўныя рэспубліканскія выданні "Народная газета" і "Рэспубліка".
Як ужо паведамлялася, барысаўская раённая газета "Адзінства" далучылася да "выкрывання ілжывай сутнасці" журналіста Паўла Шарамета. У газеце з'явіліся два артыкулы: "Шеремет - лгун. Штрихи к портрету" і "Поворотись-ка, сынку!" - пра Аляксандра Класкоўскага — беларускага журналіста, і яго сына, які зараз знаходзіцца ў СІЗА як падазроны у масавых беспарадках 19 снежня.
Пачалі кампанію дыскрэдытацыі незалежных журналістаў дзяржаўныя рэспубліканскія выданні, у прыватнасці, "Народная газета" і "Рэспубліка". Затым паклёпніцкія матэрыялы пачалі гуляць па раённых выданнях — ад Барысава да Мазыра. Тыя ж артыкулы з такімі ж назвамі з'явіліся і ў мазырскай раённай газеце "Жыццё Палесся", якую ўзначальвае Ларыса Чорная — Выдатнік друку Беларусі (так яна падпісвае свае артыкулы) і дэлегат Трэцяга ўсебеларускага сходу.
Ларыса Чорная — герой матэрыялаў у суполцы беларускіх аматараў гумару, дзе артыкулы выдатніка друку атрымалі сталую прапіску за красамоўныя панегірыкі ў адрас улады, і праклёны — у адрас апазіцыі, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".