Падзеі 19 снежня ў Мінску ацэняць міжнародныя эксперты
Камітэт Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі аб'явіў аб прызначэнні Спецыяльнага дакладчыка па расследаванні падзеяў 19 снежня.
Спецыяльным дакладчыкам прызначаны Ніл Джарман, незалежны міжнародны эксперт, кіраўнік Інстытута па вывучэнні канфліктаў (Вялікабрытанія), кіраўнік групы экспертаў АБСЕ па свабодзе мірных сходаў. Пры Спецыяльным дакладчыку таксама будзе працаваць група экспертаў з краінаў АБСЕ па праблематыцы свабоды сходаў і мерах паліцэйскага рэагавання.
Спецыяльны дакладчык ацэніць, ці былі сходы 19 снежня мірнымі з пункту гледжання міжнародных стандартаў, ці было прапарцыйным і абгрунтаваным ужыванне сілы супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а таксама рэакцыя дзяржавы ў выглядзе адміністратыўнага і крымінальнага пераследу ўдзельнікаў акцыі. Ацэнка будзе праводзіцца з пункту гледжання як унутранага заканадаўства, гэтак і міжнародных абавязкаў у галіне фундаментальных правоў чалавека, якія ўзялі на сябе ўлады Беларусі, піша "Народная воля".