Навошта вяртаць даверанасць на машыну?

130411_lukashuk_daveranasc.mp3

Вярнуцца да сістэмы даверанасцяў на машыну прапаноўвае генпракурор Аляксандр Канюк. Каб было больш магчымасцяў пакараць і тых, каго злавілі нецвярозым за рулём, і тых, хто аматару выпіць машыну даверыў. Маўляў, гэта “павысіць адказнасць за тое, што яны перадаюць транспартны сродак іншай асобе”.

Наконт павышэння адказнасці выпускаючы рэдактар газеты “Аўтабізнес” Сяргей Міхайлаў з генпракурорам не спрачаецца, а вось у тым, што гэта станоўча паўплывае на сітуацыю на дарогах, сумняваецца.

Сяргей Міхайлаў: “Наўрад ці гэта паўплывае на зніжэнне альбо павелічэнне ДТЗ, але некаторы парадак у розум грамадзян унясе. Калі ёсць неабходнасць выканаць нейкія працэдуры, звязаныя з наведваннем натарыяльных кантор, аплатай пошлін, падпісаннем дакументаў — гэта заўсёды вельмі адпужвае ад неабдуманых дзеянняў”.

Розуму ў людзей і так хапае, не пагаджаецца дырэктар інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі "За аўто" Арцём Шаркоў. Ніхто не даверыць сваю машыну аматару выпіць і сесці за руль. І бачыць іншую прычыну ў ініцыятыве ўладаў.

Арцём Шаркоў: “Адзіны сэнс гэтай прапановы я бачу толькі ў тым, што трэба стымуляваць грашыма натарыусаў і розныя іншыя структуры, якія будуць выпісваць гэтыя даверанасці”.

Згодны з гэтым і аўтаўладальнік Уладзімір — машына хоць і аформленая на яго, але часцей ёй карыстаецца жонка.

Уладзімір: “Вядома ж, я свядома даверыў сваёй жонцы аўтамабіль! Але зараз мне гэтую свядомасць неабходна будзе падмацаваць паперамі, за якія з сямейнага ж бюджэту давядзецца заплаціць натарыусу! Я ўжо не кажу пра змарнаваны на афармленне час”.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і былы генпракурор Рыгор Васілевіч. Дарэчы, менавіта ён першым колькі гадоў таму прапаноўваў увесці норму канфіскацыі машын.

Рыгор Васілевіч: “Гэта ізноў выдаткі, гэта — час… У асноўным давяраюць кіраванне блізкім сваякам. А гэта ізноў будзе бюракратызм і іншыя рэчы. Я адмоўна стаўлюся да гэтай ініцыятывы”.

А што думае афіцыйны бок на гэты конт?

“Дадзенае пытанне прапрацоўваецца спецыялізаванымі органамі ўлады і каментаваць пакуль нічога мы не маем права. І выказваць свой пункт гледжання — пакуль не будзе пэўнага рашэння”, — адказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе ДАІ МУС.

Нават даведацца, ці ўтрымліваецца гэта норма ў распрацаваным Генпракуратурай законапраекце, у кіраўніка прэс-службы гэтага ведамства Пятра Кісялёва не ўдаецца.

Пётр Кісялёў: “Мне так сказалі: пакуль не будзе разгледжаны (законапраект. — заўв. Еўрарадыё) — ніякіх каментарыяў не давай”.

А ён зараз знаходзіцца на ўзгадненні ў прэзідэнцкай Адміністрацыі.

Генпракурор настойвае на тым, каб новы закон, які прадугледжвае і ўзмацненне крымінальнай адказнасці, і канфіскацыю аўто ў нецвярозых кіроўцаў, запрацаваў як мага хутчэй. Маўляў, “становішча з нецвярозымі кіроўцамі і іх ахвярамі нагадвае вайну”. Тым не менш, паводле звестак ДАІ, у перыяд са студзеня па лістапад 2011 года было затрымана звыш 49 тысяч нецвярозых кіроўцаў, а ў 2012 годзе за гэты час — каля 44 тысяч. Нязначнае, але — змяншэнне. У ДАІ кажуць: гэта — вынікі іх “прафілактычнай працы”. Спадзяюцца, што яна і надалей будзе прыносіць плён. Але разважаць у сувязі з гэтым, ці патрэбны распрацаваны Генракуратурай законапраект аб канфіскацыі ў нецвярозых кіроўцаў машын, у дзяржаўных установах адмаўляюцца.

Даведка Еўрарадыё: даверанасці на кіраванне аўтамабілем няма ва ўкраінскіх аўтамабілістаў, з кастрычніка не будзе яе ў расіян.

Фота: http://bymedia.net/