На Брэстчыне можна наняць міліцыянта на гадзіну
Каштуе гэта 15-17 тысяч.
З 30 чэрвеня на масавыя мерапрыемствы ў Брэсце абавязалі наймаць міліцыянтаў. Да заявы на пікет, мітынг або шэсце без удзелу дзяржаўных структураў абавязкова трэба прыкладаць дадаткі. Гэта дамовы з медустановай на працу медработніка, з камунальнікамі — на ўборку смецця і з РАУС — на ахову правапарадку. Так вырашыў Брэсцкі гарвыканкам.
Раней умовы працы з міліцыяй давялося высветліць жыхару Баранавічаў Вячаславу Болбату, які ў чэрвені замаўляў пікет, піша “Брестская газета”. На пікет з 10 чалавек належала 5 міліцыянтаў, “аднагаловы” пікет вымагаў двух. Што да коштаў, то Болбату адказалі, што “на гадзіну афіцэр каштуе 17 тысячаў, шараговы супрацоўнік ДПС 15 тысячаў”. Аднак Болбату ў дазволе на пікет адмовілі — заявілі, што цяпер сезон адпачынкаў і свабодных міліцыянтаў няма.
У Брэсце міліцэйскае начальства яшчэ не ведае, што ў іх адкрылася дадатковая магчымасць зарабляць грошы. У Ленінскім РАУС кажуць, што расцэнкі будуць “прыблізна такія самыя, што і ў Баранавічах”.