Мінюст не здолеў патлумачыць юрысту, за што зрабіў яго невыязным
Нягледзячы на тое, што менавіта Мінюст хадайнічаў аб уключэнні Гары Паганяйла ў спіс невыязных.
Даведку аб тым, што ён знаходзіцца ў базе людзей, якім абмежавана права на выезд за мяжу, юрыст Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла атрымаў у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі 15 сакавіка. З пазнакай, што ўнёс яго туды Мінюст на падставе рашэння суда, які прызнаў юрыста даўжніком па справе аб банкруцтве.
Каб разабрацца, што гэта быў за суд і што за справа, Гары Паганяйла накіраўся наўпрост у Мінюст.
Гары Паганяйла: “Павадзілі мяне па кабінетах, павадзілі за нос — зразумела, што звестак, на падставе якіх мне забаронены выезд за межы краіны, міністэрства не мае, але спасылаюцца на тое, што ў іх сервер не дае неабходнай інфармацыі — нешта з серверам у іх!”.
Юрыст пакінуў у Мінюсце скаргу на яго супрацоўнікаў і сервер. Сам жа накіраўся рыхтаваць дакументы ў суд. Гары Паганяйла будзе аспрэчваць забарону на выезд. А ў якасці адказнікаў плануе выклікаць Мінюст і МУС.
Фота — bymedia.net