Мінгарвыканкам атрымлівае па 11 электронных зваротаў на дзень
А Мінпрацы атрымала з пачатку года ў чатыры разы больш зваротаў па e-mail, чым за ўвесь 2011 год.
“Чалавеку далі магчымасць, рыхтаваць зварот на камп’ютары дома, седзячы на канапе. Ісці нікуды не трэба, ліст у паштовую скрыню кідаць не трэба. Дык чаму б не падрыхтаваць? У нас электронных зваротаў ужо больш за 700. Мы лічым з таго часу, як быў прыняты закон”, – распавядае Еўрарадыё Таццяна Кобрына, начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінгарвыканкама.
Закон №300 “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” набыў моц 22 студзеня – роўна 2 месяцы таму. З таго часу колькасць электронных зваротаў, якія прыходзяць у Мінгарвыканкам, узрасла ў 3-4 разы. Чыноўнікаў завальваюць электроннымі зваротамі.
З пачатку года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва атрымала 324 электронныя звароты. Гэта ў 4 разы больш, чым за ўвесь 2011 год! І амаль траціна ад іх агульнай колькасці: сёлета беларусы ўжо накіравалі ў Мінпрацы 1182 звароты. Вельмі шмат зваротаў... пра пенсіі! Пенсіянеры троляць!
Пракаментаваць законы просяць і тыя, хто звяртаецца ў Мінгарвыканкам.
“Я прачытваю ўсе электронныя звароты, якія прыходзяць да нас, – працягвае Таццяна Кобрына. – Часцей за ўсё сустракаюцца звароты на тэмы будаўніцтва, адсялення, зносу будынкаў. Пытаюцца пра ільготныя крэдыты, бо людзей і гэта хвалюе. А таксама просяць пракаментаваць заканадаўства”.
Аддзел па працы са зваротамі грамадзян сам на электронныя лісты не адказвае. Звароты перанакіроўваюць да спецыялістаў. Менавіта ў іх паболела галаўнога болю. Нягледзячы на гэта, у аддзеле кантролю і справаводства Міністэрства культуры так загружаныя працай, што папросту адмовіліся на просьбу Еўрарадыё падлічыць колькасць зваротаў!
“Я, вядома, разумею ваша жаданне. Але ў мяне зусім няма часу рыхтаваць для вас гэтую інфармацыю. Прабачце”.
Добра, што ў Мінкульце разумеюць нашы жаданні.
На сайце Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі для электронных зваротаў створаная “Інтэрнэт-прыёмная”. Акрамя звыклых пунктаў, трэба запоўніць “Кароткі змест звароту (да 200 сімвалаў)”. А поўны тэкст звароту абмежаваны 5 тысячамі сімвалаў.
“Дасылаюць і большыя звароты. Прымаем усё, незалежна ад колькасці сімвалаў. Здараецца, па дзве старонкі дробным 12-м кеглем пішуць”.
Добра, што ў МінЖКГ разумеюць, што галоўнае – не памер.
Што да колькасці, дык камунальнікі сцвярджаюць, што з прыняццем закона №300 тая істотна не павялічылася.
“16 чэрвеня 2011 года мы пачалі журнал уліку электронных зваротаў. З таго часу прыйшло 265 зваротаў. А сёлета – 165! Роўна на 100 менш”, - паведамляюць у міністэрстве.
Калі ўважліва падлічыць колькасць зваротаў у МінЖКГ, атрымаецца, што сёлета іх усё ж такі паболела. Больш электроннай пошты пачалі атрымліваць і ў Міністэрстве эканомікі. Але пра тое, якія эканамічныя рэформы прапануюць беларусы, там казаць адмаўляюцца.
На жаль, у адпраўнікаў электронных зваротаў не пытаюцца пра ўзрост. Па словах Таццяны Кобрынай, часам, са зместу ліста заўважна, што ў Мінгарвыканкам праз інтэрнэт піша пенсіянер. Але такіх зваротаў вельмі няшмат: людзі сталага веку па-ранейшаму аддаюць перавагу традыцыйнай пошце, падкрэслівае чыноўніца.
Фота: gorod.vitebsk.by.