Мінфін рыхтуе папраўкі ў бюджэт на 2011 год
Яны будуць прапанаваныя да пачатку верасня. І прыбыткі, і выдаткі бюджэту... Павялічацца.
Пры пачатку верасня Міністэрства фінансаў прапануе ўдакладніць беларускі бюджэт на 2011 год.
“Удакладненні бюджэту — гэта даволі цяжкая праца. Фактычна даводзіцца фарміраваць яго нанова. Гэта стандартная практыка, мы ўдакладняем бюджэт штогод. Бо змяняюцца кошты, змяняюцца падыходы па фарміраванні бюджэту, уводзяцца дадатковыя абмежаванні. Бюджэт на 2011 год мы зацвердзілі з дэфіцытам у 3% валавога ўнутранага прадукту. Цяпер трэба мець 1,5% ВУП. Будзе пераглядацца кожны артыкул выдаткаў бюджэту”, — распавядае пра працу, якая вядзецца ў ведамстве Андрэя Харкаўца, начальнік галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Мінфіна Максім Ермаловіч.
“Дэфіцыт бюджэту — гэта запланаванае перавышэнне выдаткаў над даходамі. Калі Мінфін яго змяншае — гэта азначае адно з трох: ці будзе павялічаная даходная частка бюджэту, ці будзе паменшаная расходная частка, ці і тое, і другое разам”, — тлумачыць незалежны аналітык Сяргей Чалы.
Цікава, што ў студзені — траўні 2011 года прыбыткі беларускага бюджэту не толькі не адстаюць ад выдаткаў, але перавышаюць іх на 500 мільярдаў рублёў. Замест запланаванага дэфіцыту ў 3,2% валавога ўнутранага прадукту мы маем прафіцыт у 0,7% ВУП.
Максім Ермаловіч: “Бюджэт выконваўся ў абмежаваных параметрах. Пры пачатку года мы падышлі да яго даволі жорстка, таму ён выконваецца з прафіцытам. І прыбыткі, і выдаткі бюджэту будуць змяняцца ў бок павелічэння”.
Сяргей Чалы звязвае прафіцыт бюджэту з ростам інфляцыі. Замест прагназаваных 7,5-8,5% на ўвесь 2011 год яна толькі за першае паўгоддзе дасягнула 36,2%.
Сяргей Чалы: “Ёсць такі фокус: калі інфляцыя перавышае планаваную, дык атрымліваецца, што ў намінальным выяўленні прыбыткі растуць”.
“А па адсотках да ВУП атрымаем прыкладна столькі ж. Сур’ёзных зменаў у гэтым плане не адбудзецца, але ў пэўнай ступені зменіцца структура бюджэту, — працягвае Максім Ермаловіч. — І што самае важнае ў гэтай сітуацыі: бюджэт выконвае і будзе выконваць усе свае сацыяльныя абавязкі. Па выплаце заробкаў у бюджэтным сектары і па ўсіх сацыяльных праграмах — гэта ўсё будзе выконвацца”.
Дэпутаты з камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы ў адпачынку да канца жніўня. З абноўленым праектам бюджэту яны пачнуць працаваць не раней за пачатак верасня. Летась у гэты час Палата прадстаўнікоў ужо поўным ходам разглядала бюджэт, па якім мы цяпер жывем.
Сёлета ж абмеркаванне бюджэту на наступны год адкладаецца на лістапад — снежань. Але, па словах Сяргея Чалага, нічога дрэннага ў гэтым няма.
Сяргей Чалы: “Па вялікім рахунку, няма ніякай праблемы ў тым, каб прыняць бюджэт нават пры пачатку наступнага года. Бо дзеля чаго складаецца бюджэт? Каб паглядзець, якая доля сабраных падаткаў, мытных пошлін на што пойдзе. Бюджэт вызначае, што і ў якой прапорцыі фінансаваць”.
А ў выпадку, калі бюджэт на наступны год не прыняты, з 1 студзеня працягвае дзейнічаць леташні. Цалкам магчыма, што такі паварот падзеяў для Беларусі будзе самым лагічным. Каб прыняць больш-менш дакладны бюджэт, трэба ведаць кошты за расійскі газ на наступны год. Апошнім часам перамовы на гэты конт адбываліся ў сярэдзіне снежня, і часам працягваліся да сярэдзіны студзеня.