Мінчанін 5 гадоў судзіцца з вядомым прафесарам з-за аперацыі
Былы пацыент патрабуе ад хірурга кампенсаваць 5 тысяч долараў, якія вымушаны быў заплаціць за паўторную аперацыю ў іншай лякарні. У адказ прафесар сцвярджае, шт
Як расказаў Еўрарадыё Міхаіл Жук, ён доўгі час пакутаваў з-за
праблем з носам: не адчуваў пахаў, часам без прычын ішла кроў, цяжка
было дыхаць. Нарэшце звярнуўся у сваю 19-ю паліклініку па дапамогу і
атрымаў накіраванне да спецыялістаў у 9-ы клінічны шпіталь. Адтуль яго
накіравалі на кансультацыю да прафесара Чудакова.
Міхаіл Жук: “Гэты
спецыяліст адмовіўся мяне кансультаваць у 9-м шпіталі і сказаў, што
калі я хачу, каб мяне пракансультавалі, трэба звярнуцца ў медыцынскі
цэнтр. Звярнуўся туды, ён мяне агледзеў. Пагадзіўся з дыягназам доктара з
паліклінікі — што ў мяне скрыўленне насавой перагародкі, што мне
патрабуецца аперацыя. І сказаў, што можа правесці гэтую аперацыю,
напісаў сваё заключэнне і сказаў, што ў яго ёсць свой цэнтр. Маўляў,
туды звяртайцеся, ён там аперыруе за грошы”.
Але
доктар з паліклінікі даў накіраванне спадару Жуку ў той жа 9-ы шпіталь
для бясплатнай аперацыі — куды хворы і накіраваўся. І там жа пачаліся
яго “прыгоды”. Спачатку, кажа, яго паклалі не ў лор-аддзяленне, а ў
аддзяленне сківічна-тварнай хірургіі. І там ізноў ён патрапіў да
прафесара Чудакова. Як высветлілася пазней, доктар у гэтым шпіталі
афіцыйна не працаваў: быў у якасці кансультанта. Але аперацыю чамусьці
даверылі весці яму.
У выніку аперацыю яму зрабіў прафесар
Чудакоў 28 снежня 2005 года. Але ўжо на наступны дзень спадар Жук адчуў
сябе дрэнна: не мог ні дыхаць, ні піць, ні есці. Але дапамогі яму ніхто
не аказваў. І толькі пасля навагодніх святаў прафесар яго наведаў наноў.
Міхаіл Жук: “Пасадзілі мяне ў крэсла і пачалі
даставаць у мяне з носа тампоны, якія апынуліся па 40 сантыметраў
даўжынёй. І толькі тады мне стала нармальна дыхаць”.
Жук
выпісаўся са шпіталя. Вось толькі нос яго не прыйшоў у норму, а стаў
апухаць. На звароты па дапамогу Чудакоў абмяжоўваўся нейкімі ўколамі.
Іншыя дактары казалі, што ў носе нешта, відаць, засталося пасля
аперацыі, але ў дапамозе адмаўлялі і накіроўвалі да таго, хто рабіў
аперацыю.
Міхаіл
Жук звяртаўся і ў Міністэрства аховы здароўя, але дапамогі, кажа, не
атрымаў. У выніку вымушаны быў зрабіць аперацыю ў Расіі. Каштавала яна 5
тысяч долараў.
Міхаіл Жук: “Сабраў грошы і паехаў.
Мне зрабілі аперацыю ў Санкт-Пецярбургу. І падчас аперацыі дасталі
іншароднае цела: марля там ляжала. Уяўляеце — на пераноссі ў мяне ляжала
марля! Прыбралі гэтую марлю, вычысцілі ўсё ад гною. І кажуць: “Ён жа
вам тут усе косткі пераламаў! Што ён тут вам рабіў?!”
Па
прыездзе Жук звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем распачаць супраць
Чудакова крымінальную справу за нанясенне шкоды і кампенсаваць
фінансавыя і маральныя выдаткі. Але справу распачынаць адмаўляліся,
матывуючы тым, што судмедэкспертыза не знайшла ў яго прыкметаў цяжкіх
цялесных пашкоджанняў.
Такіх экспертыз было, паводле словаў
Жука, шэсць. І ўсе давалі аднолькавы вынік. Праўда, і праводзіліся ў
адным і тым жа месцы — у Дзяржаўнай службе судмедэкспертызы пад
кіраўніцтвам Гусакова. Да суда справа дайшла толькі ў 2009 годзе — з
грамадзянскім іскам пацярпелы звярнуўся сам у суд Маскоўскага раёна.
Падчас
суда высветлілася, што аперацыю Жуку прафесар рабіў не паводле
медыцынскіх, а паводле эстэтычных паказчыкаў — выпраўляў яму форму носа,
а не перагародку. Больш за тое, былы пацыент абвінавачвае доктара ў
фальсіфікацыі дакументаў і падробках яго подпісу. 



Суд
абавязаў Чудакова выплаціць Жуку 3 мільёны рублёў маральнай
кампенсацыі, але астатнія выдаткі вяртаць прафесару не прысудзіў.
Перагляд справы згодна з рашэннем Мінскага гарадскога суда адбыўся ў
судзе Першамайскага раёна. Але вынік той жа. 

Жук не супакоіўся і дайшоў да Адміністрацыі прэзідэнта. Пасля гэтага супраць прафесара распачалі крымінальную справу.
Міхаіл Жук: “Сёлета
распачалі-такі крымінальную справу. Даручылі следчаму ўпраўленню ГУУС
Мінгарвыканкама, але ўсё тое ж: два месяцы адводзіцца на следства, а яго
дагэтуль не правялі. Далі ўказанне правесці экспертызу за межамі
Беларусі, у Расіі — яна дагэтуль не праведзеная. Экспертыза почырку не
праведзена”.
Жук супакойвацца не збіраецца і мяркуе дамагацца
праўды. Але і прафесар Чудакоў не думае прызнаваць сваёй віны.
Наадварот, даказвае, што ўсё было зроблена правільна, а ўсе
абвінавачванні яго былога пацыента — лухта.
Алег Чудакоў: “Гэта
лухта. Экспертная камісія даказала адваротнае. Усё было зроблена на
вышэйшым узроўні. Ён падаваў, каб супраць мяне была крымінальная справа,
падаваў і ў суд, але гэта ўсё дарэмна”.
І расказаў, што
супраць Жука паводле ініцыятывы з “самага верху” распачатая справа аб
абароне гонару і рэпутацыі паважанага прафесара. Больш за тое, кіраўнік
Рэспубліканскага спецыялізаванага цэнтра сківічна-тварнай і пластычнай
хірургіі, кансультант Галоўнага ўпраўлення лекава-прафілактычных і
санаторна-курортных устаноў Адміністрацыі прэзідэнта Алег Чудакоў
“параіў” Еўрарадыё не лезці ў гэтую справу.
Алег Чудакоў: “Гэты
працэс цяпер пад кантролем Генеральнай пракуратуры. Вы зразумелі, пра
што размова? Каб потым разам з гэтым Жуком не патрапіць у непрыемную
гісторыю”.
Падтрымала падабароннага і яго адвакат — загадчыца юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Святлана Камяк.
Святлана Камяк: “Жуку
была зробленая абсалютна правільная аперацыя. Усе экспертныя камісіі,
якіх было 8, сказалі, што ніякіх парушэнняў тэхнічных альбо нейкіх іншых
не было. Выснова адна: аперацыя была праведзена правільна. А рэакцыя
арганізма можа быць індывідуальнай”.
А ў носе яго была не
марля, а гемастатычная губка, якая проста не рассмакталася. І ў Расію,
адзначае адвакат, Жук паехаў дарэмна.
Святлана Камяк: “Яму
прапаноўвалі адразу, як у яго ўзнік запаленчы працэс, зрабіць рэвізію
раны — і за тры секунды гэты запаленчы працэс быў бы прыбраны. А ён
самастойна паехаў у Санкт-Пецярбург, куды яго ніхто не накіроўваў. І з
чаго пачаў усю гэтую валтузню”.
І нам параіла ў справу не лезці.
Святлана Камяк: “Я
думаю, што пакуль гэтую падзею вам не трэба ўвогуле асвятляць. Я вам
рэкамендую. Прафесар — асоба вельмі вядомая ў Беларусі, і калі дзесьці
нейкім чынам яго гонар і рэпутацыя будуць закранутыя, ён проста так не
будзе пакідаць гэтыя моманты”.
Адвакат паабяцала, што калі
справа нарэшце завершыцца, яна дапаможа падрыхтаваць сапраўды цікавы
матэрыял. А ўсе словы Жука назвала не вартымі даверу.
Фота: Змітра Лукашука