Мінабароны: "Імкнуцца" і "быць" нейтральнай краінай — розныя паняцці

130424_lukashuk_baza.mp3

Падчас візіту ў Мінск міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу абвешчана, што ў 2015 годзе ў нас з’явіцца расійская авіябаза. Гэта будзе ўжо трэці расійскі ваенны аб’ект на беларускай тэрыторыі — ёсць яшчэ ў Ганцавічах і Вілейцы. Кіраўнік Беларусі прагаворвае, што не бярэ “ні капейкі” арэнды з расіян за гэтыя базы. З гэтым не згодны палкоўнік расійскіх войскаў у адстаўцы, ваенны эксперт Віктар Баранец.

Віктар Баранец: “Дамовіліся пра нешта накшталт бартару ўзаемаразлікаў: беларусам прадстаўляўся палігон, беларусаў вучым у сваіх ВНУ, беларусам па пэўным кошце прадаём газ, нафту, у нас ёсць агульныя ваенна-тэхнічныя праекты”.

А яшчэ расіяне па “сяброўскіх” коштах прадаюць нам зенітна-ракетныя комплексы С-300, танкі, баявыя машыны пяхоты і іншае ваеннае абсталяванне ды тэхніку, дадае Еўрарадыё адказны рэдактар газеты “Незалежны ваенны агляд” Віктар Літоўкін. Тое ж будзе і ў выпадку з авіябазай.


Прадстаўнік Мінабароны Беларусі Уладзімір Макараў ад адказу на пытанне пра “грашовы” аспект расійскай прысутнасці ў Беларусі ўхіляецца. Але як разважае Віктар Літоўкін, утрымліваць ваенную базу ў чужой краіне — досыць дарагое задавальненне.


Што да пагрозы з Захаду, то абодва расійскія ваенныя эксперты сыходзяцца на тым, што яна рэальна існуе. Як прыклад прыводзяць авіябазу NATO ў Літве, там пастаянна дзяжураць ажно чатыры самалёты.

Віктар Літоўкін: “Гэта самалёты F-16 — якія здольныя несці ядзерныя бомбы свабоднага падзення. У сувязі з тым, што адлегласць ад Шаўляя да Мінска, Смаленска ці яшчэ куды — 10-15 хвілін лёту, то гэта з’яўляецца стратэгічнай зброяй. Павінны Расія і Беларусь абараняцца, да прыкладу, ад гэтых самалётаў? Безумоўна, павінны!”

Такое тлумачэнне здзіўляе былога віцэ-міністра абароны Літвы:


“Я не думаю, што з-за Шаўляя з яго чатырма знішчальнікамі, якія выконваюць паліцэйскія функцыі: ахоўваюць гэтую прастору — можна казаць пра нейкую пагрозу, з-за якой неабходна нешта асаблівае рабіць”.

Меркаванне расійскіх экспертаў цалкам падтрымлівае прадстаўнік беларускага Мінабароны Уладзімір Макараў. І цікава, спасылаючыся на Канстытуцыю, тлумачыць, як размяшчэнне новай расійскай базы адпавядае імкненню нашай краіны да “нейтральнасці”.

Уладзімір Макараў: “Там напісана, што Рэспубліка Беларусь імкнецца зрабіць сваю тэрыторыю без'ядзернай, а дзяржаву — нейтральнай. "Імкнуцца" і "быць" — гэта зусім розныя паняцці. У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі канкрэтызавана: мы ствараем умовы для таго, каб быць нейтральнай дзяржавай”.

Як размяшчэнне на сваёй тэрыторыі замежных ваенных баз набліжае Беларусь да нейтральнай дзяржавы, Макараў Еўрарадыё не патлумачыў.

Фота: www.vg-news.ru