Міліцыянты не захацелі вешаць дарожныя знакі з плясканнем у ладкі

Такі адказ з Міністэрства унутраных спраў атрымалі магілёўскія актывісты грамадскай ініцыятывы “Імпульс”. Па словах міліцыянтаў, абмежаванні прапісаныя ў Законе аб масавых мерапрыемствах.

Ініцыятар звароту Ігар Барысаў адзначае, што прапанова ўсталяваць новыя дарожныя знакі знаходзіцца яшчэ на разглядзе ў мясцовым выканкаме і Палаце прадстаўнікоў.

Нагадаем, што пасля масавых затрыманняў падчас “маўклівых” акцый група магілёўцаў выслала лісты ў шэраг дзяржаўных органаў з прапановай усталяваць новыя дарожныя знакі.

Актывісты мяркуюць, што ўсталяванне знакаў “Пляскаць у ладкі забаронена” і “Пляскаць у ладкі дазваляецца” засцеражэ людзей ад неабгрунтаваных затрыманняў і адміністрацыйных пакаранняў. Пад зваротам падпісалася больш за 30 чалавек.