"Малады Фронт" звярнуўся з адкрытым лістом да Еўрасаюза

"Шаноўныя Міністры!
Сёння перад вамі стаіць складаная задача: прыняццё візавых і эканамічных санкцыяў супраць злачынцаў і катаў беларускага народу. Напярэдадні з боку беларускіх уладаў была зроблена некалькі адкрыта паказных крокаў: выпусцілі з СІЗА КДБ журналістаў Наталлю Радзіну, Сяргея Вазняка, Ірыну Халіп, паэта і экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пра гэтыя падзеі ахвотна расказалі беларускія дзяржаўныя медыі, якія чамусці змаўчалі, на якіх умовах палітвязняў выпусцілі з СІЗА, а гэтаксама пра дзесяткі абвінавачаных і падазраваных па справе пра масавыя беспарадкі і злоснае хуліганства, якіх працягваюць утрымоўваць у зняволенні.

Палітычны гандаль ужо пачаўся. Дык час Еўропе стаць на месца моцных, а не слабых. Час увесці жорсткія санкцыі і не здымаць іх да поўнага выканання патрабаванняў міжнароднай і беларускай дэмакратычных супольнасцяў.

У адваротным выпадку Еўропа зноўку будзе абведзеная вакол пальца, і ёй прыйдзецца на правах тых, хто прайграў, "выкупляць" Някляева, Халіп, Радзіну і Вазняка, якіх вернуць назад у СІЗА, а гэтаксама дзесяткі іншых людзей, зняволеных на тэрміны да 15 год.

Паводзіны дзеючага кіраўніка краіны, які адчувае сваю беспакаранасць нават за самыя цяжкія злачынства супраць беларускага народа, - гэта абраза Еўропе і ўсяму цывілізаванаму сусвету. Нельга дапусціць, каб здейсненыя паказныя крокі зацямнілі Вам вочы, а ілюзія дэмакратыі замяніла рэальную лібэралізацыю. Але на выбарах мы пабачылі, што рассыпалася нават гэтая ілюзія. Еўропа не павінна паўтарыць сваіх ранейшых памылак у стаўленьні да дыктатара.Як паказвае практыка, дыктатура разумее толькі мову санкцый.

Пяцёра сяброў нашай арганізацыі знаходзяцца за кратамі: Зміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Эдуард Лобаў, Уладзімір Яроменак, Алесь Кіркевіч. Сярэдні ўзрост актывістаў “Маладога Фронту” – 21 год. Што ж гэта за “законная” і “моцная” ўлада, што адпраўляе у турмы бяскрыўдных юнакоў? Такія паводзіны – сведчанне страху і слабасці перад сваім народам. А значыцца, супольна мы маем усе шанцы перамагчы слабака.

Мы стараемся быць моцнымі. Будзьце моцнымі і непахіснымі і Вы!", - пішуць маладафрантоўцы.