Лябедзька і Рымашэўскі пройдуцца па крамах і рынках “чарнобыльскіх” гарадоў
Не спадзеючыся атрымаць дазвол уладаў на правядзенне сустрэчы з жыхарамі Хойнікаў і Брагіна, палітыкі будуць наведваць самыя людныя месцы.
У Гомелі лідар АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі аб’яднаюцца з актывістамі мясцовай кааліцыі і разам ускладуць кветкі да помніка ахвярам Чарнобыльскай трагедыі. Пасля чаго адправяцца ў Хойнікі і Брагін.
130425_liabedz.mp3
Лябедзька: “Мы едзем і будзем знаходзіць людзей там. Так што, можам спыніцца ў любым пункце, выйсці, калі ўбачым людзей, і з імі будзем размаўляць. Ёсць такія месцы, як крамы, мясцовы рынак, дзе заўсёды можна знайсці людзей — на гэтыя кропкі можна і арыентавацца. Мы хочам ад іх атрымаць сённяшнюю рэфлексію на чарнобыльскую праблематыку”.
Праўда, Лябедзька не выключае, што не ўсе планы атрымаецца здзейсніць з-за перашкодаў з боку мясцовых уладаў і праваахоўных органаў.
Нагадаем, 26 красавіка ў Мінску пройдзе традыцыйная вулічная акцыя "Чарнобыльскі шлях", дазвол на яе правядзенне далі гарадскія ўлады. Збор удзельнікаў прызначаны ў пятніцу на 18.30 каля кінатэатра "Кастрычнік". Скончыцца акцыя павінна а 21-й на плошчы Дружбы народаў.
Фота — bymedia.net