Логікі ў месцазнаходжанні аўтазака можна не бачыць, але яна ёсць

120515 Luka6uk Menty.mp3

“Значыцца, такая была неабходнасць у аўтазаку”, — такімі словамі тлумачыць нечаканую прысутнасць грознай спецмашыны ля Палаца спорту 13 траўня пасля канцэрта опернага спевака Дзмітрыя Хварастоўскага кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.

Аляксандр Ластоўскі: “Рашэнне наконт аховы і менавіта такога складу транспарту прымае начальнік органаў унутраных спраў па тэрытарыяльнасці. Уся адказнасць за прынятае рашэнне ляжыць на ім. Ад прынятага рашэння залежыць жыцці людзей, правапарадак, залежыць спакой іншых грамадзян. Яму лепш відаць на месцы: канцэрт там Хварастоўскага ці Хлястова, і каго там непасрэдна задзейнічаць”.

Праўда, кіраўнік прэс-службы ГУУС выказвае сумнеў, што аўтазак ля Палаца спорту знаходзіўся менавіта таму, што там праходзіў оперны канцэрт і сабралася адпаведная публіка. Паводле слоў Ластоўскага, часам у з’яўленні аўтазака ў нейкім месцы ніякай логікі не відаць. Але яна там ёсць...

Аляксандр Ластоўскі: “Я такія машыны вельмі часта сустракаю ў горадзе і ў такіх месцах, дзе, здавалася б, няма ніякай логікі ў яе там знаходжанні ўвогуле. Так што не факт, што яна там менавіта таму знаходзілася (з-за канцэрта Хварастоўскага. — Еўрарадыё). Але калі яна там знаходзілася менавіта таму, то я лічу, што неабходнасць у гэтым была. Якая — не ведаю, але адназначна была”.

Арганізатары масавага мерапрыемства плацяць міліцыі за іх прысутнасць на тым жа канцэрце. Таму для іх таксама мае значэнне, паслугі якой колькасці міліцыянераў давядзецца аплаціць. Прадстаўніка сталічнай міліцыі такі погляд на рэчы абурае.

Аляксандр Ластоўскі: “Гэта абывацельскі пункт погляду і ён нават права на жыццё не мае! Можна паставіць аднаго супрацоўніка міліцыі на канцэрт Хварастоўскага — і ўсё будзе добра, гэтым разам. А наступным разам, можа, хто-небудзь з сабой гранату прынясе. І яна рване — там сотні трупаў будзе! І што там зробіць адзін супрацоўнік міліцыі?”

Дырэктар канцэртнага агенцтва Уладзімір Шаблінскі ўдакладняе: арганізатары плацяць толькі за міліцыянераў і не могуць запатрабаваць, каб тыя ахоўвалі оперны канцэрт не на аўтазаках, а ў белых кашулях.

Уладзімір Шаблінскі: “У калькуляцыях, якія мы атрымліваем ад ГУУС, — у іх транспартныя сродкі не ўказваюцца. Транспартныя сродкі, якімі забяспечваецца дастаўка персанала праваахоўных органаў да месца правядзення мерапрыемства, — гэта прэрагатыва УУС. Мы не можам запатрабаваць, каб гэта былі не аўтазакі, а “жыгулі” і каб усе былі ў белых кашулях”.

Так, аўтазак перад уваходам у канцэртную залу не створыць узвышанага настрою, скардзіцца Шаблінскі.

Уладзімір Шаблінскі: “Спецтэхніка не павінна сваім знешнім выглядам ствараць залішнюю брутальнасць мерапрыемству. Але, на жаль, рэгуляванне таго, што паставіць і дзе паставіць — не ў кампетэнцыі канцэртных арганізатараў”.

Прадстаўнік сталічнай міліцыі раіць не звяртаць увагі на тое, што прысутнасць аўтазака стварае дрэнны імідж мерапрыемству.

Аляксандр Ластоўскі: “Давайце ўзгадаем іміджавы момант: калі Канавалаў праносіў сумку, то супрацоўнік міліцыі стаяў больш для выгляду, чым для прапускной сістэмы. Чым гэта ўсё закончылася? Давайце не будзем займацца падменай паняццяў: што такое імідж, а што — службовая неабходнасць”.

Згодна з яго словамі, слухачы павінны атрымліваць задавальненне ад мерапрыемства і не звяртаць увагу на тое, на якой машыне прыехалі міліцыянеры, што ахоўваюць іх спакой.

Фота: http://chudentsov.livejournal.com/