Літвіна адрэагавала на “крытыку” БТ і наноў узначаліла БАЖ
Нечакана для сябе ў кіруючыя органы БАЖ увайшла Святлана Калінкіна ды іншыя вядомыя журналісты. У тым ліку — карэспандэнт Еўрарадыё.
Старшынёй “Беларускай асацыяцыі журналістаў” у чарговы раз абраная Жанна Літвіна. І калі на папярэднім з’ездзе вылучаліся альтэрнатыўныя кандыдаты на гэтую пасаду, то VIII з’езд у гэтым сэнсе быў безальтэрнатыўным.
Як ні дзіўна, але паспрыялі гэтаму дзяржаўнае тэлебачанне сваім фільмам “БАШ на БАЖ” і таемны спамер-дабразычлівец, што рассылаў “выкрывальныя” лісты сябрам арганізацыі. І тое, што Жанна Літвіна вырашыла ў чарговы раз “балатавацца” — іх заслуга.
Жанна Літвіна: “Яшчэ ў снежні сябрам Рады, якія сабраліся і прымалі рашэнне аб правядзенні з’езду, прызначалі дату, было сказана, што з мяне, відаць, хопіць. Лідэры партый адны і тыя ж, лідэр дзяржавы адзін і той жа, лідэр у БАЖ — тая самая фігура. На самай справе — хопіць ужо. Але тое, што адбывалася на БТ і з гэтымі нявыездамі... Я таксама чалавек і на гэта нервова рэагую. Я, відаць, няправільна раблю, але і праўда — я пакуль не бачу той фігуры, якая б пагадзілася на гэтую страшэнна няўдзячную пасаду”.

Тое, што Літвіна не памылілася і ахвочых узначаліць БАЖ сёння няма, пацвердзіў Яўген Агурцоў у сваім выступе.
Яўген Агурцоў: “Ці трэба мяняць Жанну? Канешне трэба! Трэба, але не зараз. Менавіта сёння, у гэтай “зоне” сталкер Жанна, на мой погляд, незаменная. Я б гэты атрад нікуды не павёў бы”.

А тое, што сёння сапраўды далёка не лепшыя часы для айчыннай незалежнай журналістыкі, незалежных СМІ і БАЖу, які мусіць дапамагаць журналістам і рэдакцыям гэтыя праблемы вырашаць, пацвярджаюць сухія факты.
Жанна Літвіна: “Сем сябраў БАЖ адразу пасля 19 снежня 2010 года апынуліся пад крымінальным пераследам, патрапілі ў турму. Больш за 20 журналістаў былі затрыманыя ў той дзень, 13 з іх прайшлі праз адміністратыўнае пакаранне і адбывалі “суткі”. У тыя дні прайшлі ператрусы ў 4 рэдакцыйных офісах, 12 кватэрах журналістаў. У журналістаў было забрана 114 адзінак прафесійнай тэхнікі”.

А яшчэ былі папярэджанні пракуратуры і КДБ журналістам-фрылансерам, пагроза закрыцця “Народнай волі” і “Нашай Нівы”, банкруцтва шэрагу друкаваных выданняў.

Нягледзячы на адсутнасць канкурэнтаў, галасаваць за Жанну Літвіну дэлегатам з’езду давялося двойчы. Першы раз за Літвіну было на адзін голас больш, чым... дэлегатаў у залі. На гэтым нечаканасці не скончыліся. Літвіна прапанавала абраць адным са сваіх намеснікаў Святлану Калінкіну, якая, дарэчы, ніколі ў кіруючыя органы БАЖ не ўваходзіла. Яўген Агурцоў запатрабаваў, каб Калінкіна дала слова гонару, што пасля абрання намеснікам старшыні не стане менш пісаць. Інакш будзе галасаваць супраць яе. А Эдуард Мельнікаў падчас галасавання вырашыў устрымацца.
Эдуард Мельнікаў: “Яна выдатны журналіст — гэта ўсім вядома ў нашай супольнасці журналісцкай. Я проста не маю адказу на пытанне, як яна зможа спалучыць напружаную працу ў “Народнай волі” з працай, якой таксама трэба аддаваць вельмі шмат часу, на пасадзе намесніка старшыні БАЖ”.

Сама Калінкіна прызнаецца, што прапанова Жанны Літвіной стала для яе вялізнай нечаканасцю. Але вырашыла не браць самаадводу.
Святлана Калінкіна: “Я так і не зразумела, які накірунак працы мне давераць. Можа, таму і не гавораць, каб я не адмовілася! Для мяне гэта нечакана, але, калі трэба — значыць будзем працаваць!”
І ў сваім стылі дала адказ тым тролям, хто пад інфой пра чарговае абранне Літвіной кіраўніком БАЖ будзе параўноўваць яе з нязменным вось ужо 18 гадоў кіраўніком Беларусі.
Святлана Калінкіна: “Калі б Лукашэнка працаваў у тых умовах, у якіх працуе Жанна Літвіна, у якіх працуе БАЖ, у якіх працуюць апазіцыйныя партыі, калі б ён быў пад такім доглядам спецслужбаў, то ён бы сам бег з гэтай пасады. Тыя, хто ва ўладзе, яны трымаюцца за свае цяплічныя ўмовы. А тыя, хто па гэты бок барыкад, яны трымаюцца за справу і за ідэю. І ў гэтым самая галоўная розніца”.
На з'ездзе на траціну абнавілі Праўленне БАЖ, амаль напалову — Раду. Туды ўвайшлі маладыя, “дзеючыя” журналісты, якія не толькі ведаюць сітуацыю з незалежнай журналістыкай “знутры”, але і ніколі не ўваходзілі ў кіруючыя органы гэтай арганізацыі.
Намеснікамі старшыні сталі Андрэй Бастунец, Аляксандр Старыкевіч, Аліна Суравец і Святлана Калінкіна.
З'езд абраў Праўленне БАЖ у складзе 15-і чалавек. Акрамя старшыні БАЖ і яе намеснікаў (якія ўваходзяць ў Праўленне БАЖ аўтаматычна), сябрамі гэтага кіраўнічага органа сталі таксама Аляксандр Коктыш, Сяргей Вазняк, Яніна Мельнікава, Юрась Карманаў, Таццяна Мельнічук, Вячаслаў Хадасоўскі, Вольга Хвоін, Генадзь Суднік, Ірына Віданава, Міхась Янчук.
Дэлегаты абралі таксама новую Раду БАЖ у складзе 42- чалавек. Акрамя сябраў Праўлення, у Раду увайшлі Святлана Гарда, Анатоль Гатоўчыц, Алег Супрунюк, Аляксандр Муждабаеў, Святлага Цішко, Вітаўт Руднік, Наталля Семяновіч, Вольга Шынкевіч, Алена Сцяпанава, Анатоль Санаценка, Таццяна Гусева, Аляксандр Зянкоў, Галіна Будная, Сяргей Няроўны, Таццяна Смоткіна, Ірына Слаўнікава, Эдуард Мельнікаў, Алег Груздзіловіч, Андрэй Скурко, Дзмітрый Лукашук, Уладзімір Дзюба, Барыс Гарэцкі, Антон Тарас, Андрусь Клікуноў, Міхаіл Пастухоў, Таццяна Бублікава.
Фота: Змітра Лукашука