Ластоўскі: У мяне таксама шмат пытанняў, на якія пакуль што няма адказаў

13 журналістаў затрыманыя падчас “маўклівай акцыі” 29 чэрвеня. Не абыйшлося без паламанай тэхнікі і кухталёў. Прычым, паводле сведчанняў калег, журналістаў супрацоўнікі праваахоўных органаў і невядомыя людзі ў цывільным затрымлівалі першымі. І толькі пасля ўзяліся за ўдзельнікаў і мінакоў.


Але кіраўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі лічыць, што журналістаў не вылучалі — забіралі разам з іншымі. Прычым, кажа, яны самі вінаватыя ў сваім затрыманні.


Аляксандр Ластоўскі: “Шчыра кажучы, я не думаю, што менавіта журналістаў (пачалі затрымліваць — Еўрарадыё) і менавіта — раней. Мне падаецца, што ўсіх не разбіраючыся: каго бачылі — таго бралі. А, можа, нейкія задачы былі... Але я не бяруся сцвярджаць: мне не даводзілі планы гэтай аперацыі. Я знаходзіўся там, дзе і мусіў знаходзіцца па расстаноўцы. Але журналісты вырашылі быць без мяне, знаходзіцца ў віры падзей. І вось, што з гэтага атрымалася. А тое, што атрымалася, я пракаментаваць не магу”.


Васіль Сямашка, БелаПАН


Нягледзячы на цяжкасці з тлумачэннем самой сітуацыі з затрыманнем журналістаў падчас выканання імі прафесійных абавязкаў, прадстаўнік мінскай міліцыі упэўнены, што закон “Аб СМІ” парушаны не быў.


Аляксандр Ластоўскі: “Паколькі дзейнасць міліцыі паводле закону звязаная са спыненнем правапарушэння, то ў такіх далікатных сітуацыях закон “Аб органах унутраных спраў” , як я мяркую, мае першаснае значэнне ў параўнанні з законам “Аб СМІ”. Сродкі масавай інфармацыі фіксуюць. А для таго, каб фіксаваць, яны могуць знаходзіцца як у метры, гэтак і ў ста метрах. Пытанні толькі ў якасці фіксацыі. А спыненне правапарушэнне — гэта працэс, які патрабуе непасрэднага ўдзелу. І калі той жа журналіст здзяйсняе правапарушэнне альбо з’яўляецца правапарушальнікам, то тады закон “Аб СМІ” на яго не распаўсюджваецца”.


Знайшлося тлумачэнне, што журналістаў затрымлівалі невядомыя людзі ў цывільным, якія не паказвалі ніякіх пасведчанняў, не называліся і не тлумачылі сваіх дзеянняў. Праўда, кіраўнік прэс-службы прызнаў, што гэта — пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі і спецслужб. І прысутнасць іх Аляксандр Ластоўскі лічыць апраўданай.


Аляксандр Ластоўскі: “Раз гэтыя “гопнікі” з’явіліся — то, напэўна, з’явіліся яны ў сувязі з незаконным масавым мерапрыемствам, правільна? Ёсць на іх форма, няма на іх формы — давайце ўзгадаем пра тое, што супрацоўнікі міліцыі пры выкананні сваіх абавязкаў часам працуюць не ў форме. Ёсць розныя аспекты працы міліцыі. Вось пытанне законнасці-незаконнасці (іх дзеянняў пры затрыманні журналістаў — Еўрарадыё) — гэтае пытанне актуальнае. Але пакуль што я каментарыяў на гэты конт не атрымліваў ад сваіх”.


Але ў выніку прызнаўся, што яго таксама здзівіла тое, што часам менавіта добра бачнае журналісцкая пасведчанне служыла сігналам да затрымання яго ўладальніка.


Аляксандр Ластоўскі: “Ды я выдатна разумею вас! Проста на гэты конт у мяне таксама шмат пытанняў, на якія пакуль што я не атрымліваю адказу”.



Латвійскі журналіст Угіс Лябіціс


Праўда, не ўдакладніў, ад каго ён чакае адказу. А тым больш — ці чакаць журналістам выбачэнняў, а Беларускай асацыі журналістаў — рэакцыі на іх зварот да Міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова з патрабаваннем правесці службовае разбіральніцтва па фактах парушэння правоў журналістаў, вызначыць вінаватых, прынесці прабачэнні пацярпелым журналістам.

Фота: www.gazetaby.com, daylife.com, www.euroradio.by