Хашчавацкі: Забарона маіх фільмаў у Расіі не стала нечаканасцю

Юрый Хашчавацкі: “Ведаеце, у мяне такое не ўпершыню. Да таго ж, фільм “Лабатамія” – гэта рэзка антыпуцінскае кіно, пра вайну Расіі ў Грузіі і пра тое, што на фоне гэтай вайны адбываецца ў Расіі. Фільм “Плошча” ў пэўным сэнсе ўніверсальны — там, дзе ўзнікаюць праблемы з фальсіфікацыямі, хлуснёй і з адстойваннем сваіх правоў людзьмі, там гэты фільм успрымаецца грамадствам. Адпаведна, улада бачыць у ім небяспеку. Такім чынам, гэта рашэнне мяне зусім не здзіўляе”.

Па словах рэжысёра, расіяне планавалі правесці фестываль свабоднага кіно. Для гэтага планавалі арандаваць кінатэатры ў розных гарадах Расіі. Меркавалі запрасіць у якасці ганаровых гасцей такіх вядомых рэжысёраў, як Вайда і Занусі. Дарэчы, разам з фільмамі Хашчавацкага пад забарону Мінкульта трапілі фільм "Бунт. Справа Літвіненкі" і "Замах на Расію" (пра выбухі дамоў у 1999 годзе), а таксама "Фабрыка катаванняў ці педагагічны досвед" — фільм екацярынбургскага праваабаронцы Сакалова.

Прычынай забароны на паказ фільмаў называецца адсутнасць дамоваў пракатчыка са студыямі-вытворцамі. Але беларускі рэжысёр кажа, што падпісаў усе неабходныя паперы з арганізатарамі фэсту і перадаў ім правы на некамерцыйны пракат сваіх фільмаў.

Фота — bymedia.net