Івашкевіч: Сацыяльную актыўнасць людзей перавядзем у палітычную

Народныя сходы прапануе правесці па ўсёй краіне 16 кастрычніка аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларускі рух". Яны мусяць выказаць сваё стаўленне да сітуацыі ў Беларусі, да пагаршэння жыцця людзей. З нагоды з'яўлення такой ініцыятывы Еўрарадыё паразмаўляла з сябрам аргкамітэта Віктарам Івашкевічам.


Еўрарадыё: Чаму абралі менавіта 16 кастрычніка, ці не думаеце, што гэта будзе запозна?


Івашкевіч: “Практыка падрыхтоўкі “Чарнобыльскага шляху” паказала, што 10-15 дзён на падрыхтоўку — гэта замала. Шмат хто з актыўных апазіцыянераў не ведаў і не чуў, што, напрыклад, у дзень “Чарнобыльскага шляху” будзе мітынг. З улікам таго, што на сённяшні момант у апазіцыянераў фактычна няма рэальных сродкаў для нейкай магутнай кампаніі, улётачнай, плакатачнай — з аднаго боку і, з другога боку, умовы зараз правядзення не тыя, як падчас выбарчай кампаніі.


Камунікацыя з людзьмі можа быць пераважна праз інтэрнэт і тыя папяровыя выданні, якія яшчэ не зачыненыя. Гэтыя 4-5 месяцаў — гэта той неабходны час, каб давесці інфармацыю. Пры ўсім росце незадавальнення людзей сваім сацыяльным становішчам, шмат хто яшчэ чакае, што ўсё само неяк "устаканіцца". Нехта хоча верыць, што Лукашэнка сказаў праўду, што за месяц-два ўсё ўрэгулюецца, нехта спадзяецца, што Расея дасць крэдыт — і ўсё зноў стане на свае месцы, нехта будзе капаць гарод з пазіцыяй "што сам зрабіў, тое ў мяне і застанецца, а вялікая палітыка — справа цёмная". Але на пачатак кастрычніка ўсе гэтыя ілюзіі, нявызначанасці, якія існуюць зараз, яны праявяцца і людзі больш асэнсавана, прачуўшы ўсе эканамічныя працэсы на сабе, будуць ацэньваць сітуацыю”.


Еўрарадыё: Як гэта будзе выглядаць?


Івашкевіч: “Людзі, усе, хто гатовы змагацца за дэмакратыю, у сваіх населеных пунктах, дзе яны ёсць, пададуць заяўку на такія сходы с фармулёўкай: “на абмеркаванне сацыяльна-эканамічанай сітуацыі ў краіне”. На сённяшні дзень максімальна трэба ўцягнуць для абмеркавання становішча людзей, якія раней на мітынгі не хадзілі, тым больш не ўдзельнічалі ў апазіцыйных партыях. Каб яны разам пачалі публічна абмяркоўваць, а не толькі там на кухнях сярод некалькіх чалавек сваіх суседзяў ці знаёмых. І публічны, масавы ўдзел у абмеркаваннях сваіх эканамічных праблем — гэта крок да сацыялізацыі, палітызацыі людзей даволі шырокіх колаў. У той жа час нашым актывістам трэба выходзіць за рамкі размовы толькі са сваімі праз інтэрнэт ці тэлефон”.


Еўрарадыё: Калі раптоўна значная частка палітычных сілаў праігнаруе гэтую акцыю, што будзе?


Івашкевіч: “Мне ўжо тэлефануюць людзі, дарэчы, з рэгіёнаў, сябры розных апазіцыйных партыяў і кажуць, што мы гэта будзем рабіць у любым выпадку, бо гэта трэба. Зараз вядуцца перамовы з прадстаўнікамі розных палітычных арганізацыяў. Нехта публічна далучыцца, нехта будзе гэта падтрымліваць негалосна, імкнучыся не падставіцца пад рэпрэсіі. Супраць, я перакананы, не выступіць ніхто, прынамсі, публічна. Тыя арганізацыі, якія захочуць стаяць збоку, яны будуць збоку”.


Еўрарадыё: Якая місія гэтай акцыі?


Івашкевіч: “Задача — разварушыць грамадства, каб яно пачало думаць, што ніхто ім шчасце не прынясе, калі яны самі не зоймуцца сваімі праблемамі. Далучыць масы людзей, якія зараз займаюць пазіцыю: “мы нічога не вырашаем, без нас там усё неяк вырашыцца”, да вырашэння свайго лёсу, падымаючы чыста эканамічныя і сацыяльныя тэмы. Калі мы выйдзем на ўзровень, калі людзі актыўна пачнуць і патрабаваць выканання сваіх правоў, тады наступны крок — перавод сацыяльнай актыўнасці ў палітычную. Што вельмі хутка адбудзецца, галоўнае зварушыць людзей спачатку”.

Фота — svaboda.org

Івашкевіч: Сацыяльную актыўнасць людзей перавядзем у палітычную by Euroradio