Гомельскія сябры "Справядлівага свету" падалі заяўку на Першамай
Мэта масавага мерапрыемства — прыцягнуць увагу грамадскасці да цяжкага становішча працоўных і выказаць салідарнасць з працоўнымі ўсяго свету.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых "Справядлівы свет" Уладзімір Сякерка накіраваў у Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне 1 мая мітынгу.
"Мы спрабуем выканаць усе патрабаванні нашага гарвыканкаму — то бок выбралі для правядзення мітынгу адзінае дазволенае для такіх мэтаў месца ў горадзе — пляцоўку каля Дома культуры таварыства глухіх, спрабуем заключыць дамовы з камунальнымі службамі, міліцыяй і хуткай дапамогай. Бо такія абавязковыя ўмовы для правядзення мітынгу прапісаў гарвыканкам у сваім рашэнні", - патлумачыў Уладзімір Сякерка. Ён ўзгадаў, што ўжо з 2004 года гомельскія ўлады не дазволілі правесці ў горадзе ніводнага масавага мерапрыемства з ініцыятывы палітычных партый ці НДА. "Раней, дарэчы, мы спрабавалі выканаць усе патрабаванні гарвыканкаму і заключыць дамовы з адмысловымі службамі. Але, прынамсі паліклініка адмовілася заключаць дамову на тое, каб на працягу мітынга дзяжурыла хуткая дапамога", - зазначыў кіраўнік абласной арганізацыі.
Ён дадаў, што ў мінулыя разы ўлады прапаноўвалі замест мітынгу далучыцца да масавых гулянняў на плошчы Леніна. "Але мы лічым, што 1 мая — гэта ўсе-такі не масавае гулянне, бо ў гэты дзень у 1886 годзе былі растраляныя рабочыя, якія выйшлі ў Чыкага на дэманстрацыю ў абарону сваіх правоў. Гэта дзень салідарнасці, а не гулянне", - лічыць Уладзімір Сякерка.
Ён не мае вялікай надзеі на тое, што на гэты раз гарвыканкам дазволіць мітынг, бо нават абскарджванне такіх забаронаў у судзе не дало ніякага плёну, паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".