Эксперт: Дзеля паездкі ў Прагу Мартынаў адклаў бы ўсе іншыя справы
Такое меркаванне выказаў Еўрарадыё палітолаг Андрэй Казакевіч.
На яго думку, калі б міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву прыйшло запрашэнне на сустрэчу кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства, ён бы дзеля гэтай сустрэчы адклаў усе іншыя справы.
Андрэй Казакевіч: “Адназначна паехаў бы. Таму, што кантактаў такога ўзроўню зараз няшмат паміж Беларуссю і Еўропай, а гэта дазволіла б правесці і нейкія сустрэчы фармальныя і нефармальныя. А таксама скарыстаць гэтую форму для паляпшэння гэтых адносінаў. Ці, прынамсі, пачатку размоваў у гэтым кірунку”.
Нагадаю, амбасадар МЗС Чэхіі па пытаннях Усходняга партнёрства Пётр Марэш расказаў, што на сустрэчу кіраўнікоў МЗС краін Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства, якая пройдзе ў Празе 4 сакавіка, міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава не запрасілі. У адказ прэс-служба беларускага МЗС заявіла, што Мартынаў паездку ў Прагу і не планаваў.
На думку Казакевіча, незапрашэнне Мартынава на гэтую сустрэчу — працяг палітыкі Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі пасля падзей 19 снежня 2010 года.