ЕГУ у сувязі з крызісам змяніў умовы аплаты для студэнтаў з Беларусі
Цяпер студэнты і магістранты могуць аплаціць сваё навучанне ва ўніверсітэце ў растэрміноўку.
Так, у 2011/2012 навучальным годзе студэнтам і магістрантам першага курса даецца права ўносіць аплату за семестр роўнымі часткамі штомесяц (да 15 дня кожнага месяца), за выняткам 10% аплаты за семестр, якія ўносяцца цягам дзесяці дзён пасля падпісання дамовы з універсітэтам. Аплачваць магчыма і па-ранейшаму, праз адзін плацёж.
Студэнтам усіх астатніх курсаў дзённай і завочнай формы навучання, а таксама магістрантам 2 курса даецца такая самая магчымасць. Розніца заключаецца ў тым, што ім не трэба асобна аплачваць першыя 10% аплаты за семестр.
Кошты навучання ў ЕГУ на 2011/2012 год на вочныя бакалаўрскія праграмы для грамадзян Беларусі вагаюцца ад 1200 да 1500 еўра ў год, паведамляе “Наша ніва”. Праўда, існуе таксама сістэма грантаў, якія цалкам пакрываюць кошт навучання за год. Таксама дзейнічаюць зніжкі да 40% за паспяховую вучобу.