Дзяржава спыніла будоўлю жылля для тых, хто стаіць на чарзе?
Новых заказаў дзяржаўныя будтрэсты ад “Мінскбуда” не атрымліваюць, а недзяржаўныя забудоўшчыкі прыпынілі заключэнне дамоў на далявое будаўніцтва.
Выступаючы 5 красавіка перад супрацоўнікамі фабрыкі дзіцячых цацак, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “жылля мы зараз будзем будаваць менш”. Але хто мог падумаць, што да такой ступені “менш”: “Мінскбуд” сустракае жадаючых пабудаваць жыллё чаргавікоў аб’явай: “Прапаноў для грамадзян, які стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу, НЯМА”.

І калі будуць хоць нейкія прапановы, супрацоўніцы інвестыцыйнага ўпраўлення “Мінскбуда” падказаць не могуць.
Супрацоўніца “Мінскбуда”: “Не падкажам нічога: самі не ведаем. Няма аб’ектаў. Тое, што ёсць, — укамплектавана, а наступных пакуль няма”.
Еўрарадыё: “А што вы параіце, як быць: падыходзіць і цікавіцца раз на тыдзень ці як?”
Супрацоўніца “Мінскбуда” : “Глядзіце самі, раіць нешта цяжка. Бо дом “разбіраецца” за дзень, за два”.
І адсачыць інфармацыю пра новыя прапановы “Мінскбуда” для людзей, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, кажуць, можна толькі праз газеты. Ніякіх абвестак на сайт “Мінскбуд” не вывешвае.
Між тым, “Мінскбуд” аб’ядноўвае амаль два дзясяткі дзяржаўных будаўнічых арганізацый — такіх як “МАПІД”, будтрэсты №№1, 4, 7, 35, Мінскі домабудаўнічы камбінат і гэтак далей. Але яны будуюць выключна тое, на што атрымаюць замову з “Мінскбуда”. Таму шукаць нейкія варыянты далявога будаўніцтва кватэры наўпрост праз іх няма ніякага сэнсу, патлумачыла Еўрарадыё супрацоўніца “Будтрэста №1”.
Супрацоўніца “Будтрэста №1”: “Мы проста будуем, мы не заключаем ніякіх дамоў (на далявое будаўніцтва кватэры). Гэта ў “Мінскбуд” вам трэба тэлефанаваць”.

Атрымліваецца, што тым, што хоча як хутчэй распачаць будоўлю сваёй кватэры, неабходна шукаць прапановы наконт далявога будаўніцтва жылля “для тых, хто мае патрэбу”, ад прыватных забудоўшчыкаў. Вось толькі квадратны метр жылля ў іх для гэтай катэгорыі грамадзян каштуе фактычна столькі ж, колькі ў дзяржаўнага “Мінскбуда” для тых, хто такой патрэбы не мае, — 1000-1100 долараў.
Але як высветлілася, і тут хутка можа не атрымацца. Паводле супрацоўніцы будаўнічай арганізацыі “Метадос”, яны зараз не заключаюць ніякіх дамоў на будаўніцтва жылля.
Супрацоўніца “Метадоса”: “Зараз дамовы не заключаем. А што будзе далей сёлета — я не магу вам сказаць. Будуць яны заключацца ці не будуць... Зараз не заключаюцца — вось на дадзены момант. Можа, праз месяц будуць заключацца. Вось вы пастаўце сябе на месца забудоўшчыка: зараз і тое, і другое, і пятае, і дзесятае — вы ж бачыце, як усё змяняецца штодня! Таму прымуць рашэнне — будуць заключаць далей”.
У кампаніі “Мірны шлях” параілі тэлефанаваць улетку: у іх планах пабудаваць некалькі дамоў ў Маскоўскім раёне. Кажуць, там будуць кватэры і для “тых, хто мае патрэбу”. Але колькі будзе каштаваць квадратны метр, супрацоўніца кампаніі не змагла сказаць нават прыблізна.
Супрацоўніца кампаніі “Арэса-Сэрвіс” спачатку абнадзеіла паведамленнем, нібыта ў іх ёсць тое, што нас цікавіць, — прапановы па далявым будаўніцтве для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Праўда, толькі 3-пакаёўкі плошчай 100 квадратных метраў. Але адразу ж і расчаравала.
Супрацоўніца “Арэса-Сервіс”: “У нас пакуль прыпынены продаж. У сувязі з тым, што нестабільны ў нас курс долара, то зараз думаюць, што рабіць”.
Такі адказ — "ператэлефанаваць праз колькі дзён ці тыдняў" — карэспандэнт Еўрарадыё атрымаў ад пераважнай большасці забудоўшчыкаў. Гэта пры тым, што ў іх кошт квадратнага метра жылля для асобаў, што “маюць патрэбу”, пачынаецца ад 1150 долараў і вышэй.
Фота: Змітра Лукашука