Даражэй за ўсіх суботнік каштаваў чыноўнікам?
На прадпрыемствах людзі самі вырашалі, па колькі “скідвацца” на суботнік. У чыноўнікаў такога выбару не было.
Звыш 50 мільярдаў рублёў зарабілі для краіны ўдзельнікі апошняга суботніка. А выйшлі на яго, паводле афіцыйных звестак, 3 мільёны 457 тысяч чалавек. Каб сабраць агучаную суму, кожны мусіў пакласці ў скарбонку суботніка па 14,5 тысячы рублёў. Якім чынам збіраліся гэтыя грошы, цікавіцца Еўрарадыё.
Колькі з кожнага чалавека будзе пералічана ў фонд суботніка, супрацоўнікаў сталічнай будаўнічай кампаніі МАПІД проста паставілі перад фактам.
“Мы выходзілі і працавалі да абеду, — распавядаюць Еўрарадыё будаўнікі. — І выкананы намі аб’ём працы ідзе нам у заробак. Але з гэтай заробленай сумы ў нас з кожнага чалавека па 40 тысяч будзе дзяржаве пералічана за суботнік. І так у нас працавалі ўсе”.
Па-іншаму адпрацоўвалі суботнік на “Савушкіным прадукце”. Вытворчасць там і так працуе без выхадных і ў тры змены, таму вольныя ад працы людзі выходзілі наводзіць парадак на вуліцы. За магчымасць папрацаваць на свежым паветры дзяржаве аддзячылі з уласнай кішэні асобна, распавядае Еўрарадыё кіраўніца прэс-службы кампаніі Алена Бабкіна. Па колькі скідвацца, кожны вырашаў для сябе сам.
Алена Бабкіна: “Хтосьці пералічваў 10 тысяч, я ведаю гэта з ведамасцяў, якія людзі падпісвалі, каб вылічылі з іх заробку, хтосьці — 50, хтосьці — 30, хтосьці — 20 тысяч. І 100, і 150 тысяч было — па-рознаму, кожны вызначаў для сябе сам”.
Сама яна, прызнаецца суразмоўца Еўрарадыё, пералічыла 250 тысяч. А ўсё таму, што 50% усіх заробленых грошай пойдуць на набыццё новых машын “хуткай дапамогі” з усім неабходным абсталяваннем.
Чыноўнікам, як і будаўнікам, не далі права выбару наконт памеру фінансавай дапамогі суботніку. Пра гэта распавядаюць Еўрарадыё ў Гомельскім гарвыканкаме.
Гомельскі гарвыканкам: “Аднадзённы заробак пералічылі ўсе”.
Колькі зарабляюць выканкамаўскія чыноўнікі, суразмоўца не кажа. Не “ведае” гэтага нават Белстат. Але калі лічыць, што гарантаваны кіраўніком краіны сярэдні заробак у 500 долараў яны маюць, то дзень працы чыноўніка каштуе каля 200 тысяч рублёў.
Фота: minsknews.by