Чаму прэзідэнцкі дэкрэт “гуляў” па “Беллегпраме” 3 месяцы?

Еўрарадыё: Што гэта за праект указа, затрымкай падрыхтоўкі якога так абураўся кіраўнік краіны падчас агучвання свайго чарговага Паслання парламенту і народу?

Мікалай Радзькоў: Гэта праект указа наконт павелічэння вытворчасці абутку ў рэспубліцы і ў прыватнасці — на “Белвесце”. І зараз ён праходзіць узгадненні ў вызначаным парадку з адпаведнымі ведамствамі — вось і ўсё! Проста з улікам бачання нейкага ведамства ў сваім ракурсе, існуюць пэўныя заўвагі ці дапаўненні. Вось і атрымліваецца, што з улікам гэтых унесеных заўваг і дапаўненняў нейкім органам адбываюцца паўторныя ўзгадненні з астатнімі органамі. Каб яны бачылі, якое дапаўненне ўносіцца, і выказалі паўторна сваё бачанне па гэтым пытанні. Вось і ўсё.

Тым больш што гэта ўсё павінны кампетэнтныя людзі прагледзець: пытанне фінансавання, нейкіх ільгот, часу рэалізацыі праекта, пытанне, хто ўключаны ў гэты ўказ, пытанне юрыдычнай тонкасці — ці ў адпаведнасці з усімі нормамі закона зроблена афармленне ці ўнясенне гэтых зменаў.

Еўрарадыё: Такім чынам, нельга лічыць тры месяцы ўзгадненняў вялікім тэрмінам?

Мікалай Радзькоў: Канешне. Тым больш што сам праект — справа вырашаная, і толькі дадатковыя ўзгадненні праводзяцца.

Еўрарадыё: Чаму ж тады гэтымі тэрмінамі так абурыўся віцебскі губернатар Косінец, што ажно Лукашэнку скаргу напісаў?

Мікалай Радзькоў: Я не ведаю, з якой прычыны гэта дзеянне было, я не бачыў таго дакумента, які ён прадстаўляў прэзідэнту, якую інфармацыю да яго ведама даводзіў, таму…

Еўрарадыё: Чаму менавіта ў Віцебскага аблвыканкама такая цікавасць да гэтага праекта ўказа? Чым ён ім асабліва цікавы?

Мікалай Радзькоў: Нельга сказаць, што Віцебскі аблвыканкам надзяліў праект гэтага ўказа асаблівай увагай. Адказны за распрацоўку і ўнясенне гэтага ўказа — “Беллегпрам”. Мы ўсім займаліся, а Віцебскі аблвыканкам уносіў свае прапановы. А супрацоўнікі “Беллегпрама” і адпаведныя ведамствы абмяркоўвалі гэтыя прапановы і глядзелі, ці магчыма гэта дадаць. Можа, не ўсё было магчыма!

Еўрарадыё: Якая мэта распрацоўкі гэтага ўказа, навошта ён патрэбны?

Мікалай Радзькоў: Па ім мы павінны павялічыць выраб абутку да 6 мільёнаў пар, стварыць новыя працоўныя месцы, на якіх супрацоўнікі будуць сацыяльна абароненыя — мець пэўны заробак і забяспечаныя ўсімі льготамі. А ў выніку павелічэння аб’ёмаў вытворчасці мы будзем уносіць новыя плацяжы падатковыя ў бюджэт. Прадугледжваецца і мадэрнізацыя вытворчасці. Паколькі сёння прадукцыя “Белвеста” добра экспартуецца, то гэта — экспарт і прыцягненне валюты ў нашу краіну. 

Еўрарадыё: Указ пішацца “пад “Белвест”? Холдынг ствараць будзеце?

Мікалай Радзькоў: “Белвест” будзе ўжо не “Белвестам”, а кіруючай кампаніяй. І ў гэтую агульную структуру будуць уваходзіць іншыя кампаніі, якія вырабляюць абутак. На пачатковым этапе (падрыхтоўкі праекта ўказа. — Еўрарадыё) гэта быў холдынг, але з улікам унесеных зменаў я нават не ведаю, як бачыцца гэта падраздзяленне, як гэта будзе называцца.

Еўрарадыё: На складах прадпрыемстваў краіны павялічваюцца запасы вырабленай прадукцыі, а вы на гэтым фоне плануеце павялічыць аб’ёмы — вас затаваранасць не закранула?

Мікалай Радзькоў: Ёсць і ў нас рост (нерэалізаванай прадукцыі. — заўв. Еўрарадыё). Але нельга казаць, што ў нас рост ідзе і не ідзе рэалізацыя прадукцыі. Шмат якая прадукцыя носіць сезонны характар — ці то дываны, ці то школьная вопратка, ці то — абутак. Той жа “Белвест” узімку вырабляе вясенне-летнюю калекцыю. І будзе рост запасаў. Але ўвесну гэту прадукцыю накіруюць у крамы і будзе зніжэнне запасаў. І тое ж — у іншых. Карацей, гэта сезоннае назапашванне.

Еўрарадыё: Лукашэнка параіў чыноўнікам “Беллегпрама” “збіраць партфелі і валіць з гэтага міністэрства”. Гэта спарадзіла ў вас паніку?

Мікалай Радзькоў: Працэс разбіральніцтва павінен вырашыць, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Прэзідэнт агучыў тую пазіцыю, якую давёў яму старшыня Віцебскага аблвыканкама. Правільна — каб прыйсці да агульнага меркавання, мы павінны выслухаць абодва бакі. Калі будуць выслуханыя абодва бакі і прыведзеныя адпаведныя аргументы, тады і будзем бачыць — хто мае рацыю, а хто вінаваты.

Еўрарадыё: Будзе нейкае разбіральніцтва на высокім узроўні?

Мікалай Радзькоў: Ніякіх даручэнняў нам не прыходзіла. Як і вы, я чуў, якое было дадзенае даручэнне (Лукашэнка заявіў: “Я даручыў прэм’ер-міністру і кіраўніку адміністрацыі расследаваць гэта пытанне”. — заўв. Еўрарадыё) і думаю, што нешта павінна быць…

Фота: http://bymedia.net/