Чаму еўрапейцы ездзяць на ламаччы, а беларусы ― на крутых роварах?
А рызыкуем мы сваімі роварамі аднолькава: велапаркоўкі не ахоўваюцца ні там, ні тут!
Сёлета па выкраданнях наперадзе велапаркоўка ля хімічнага факультэта БДУ. Ахоўнікі са службы бяспекі ўніверсітэта кажуць, што з пачатку сезона адсюль “знікла” 5 ровараў.
“Паркоўка быццам бы нікому не патрэбная. Ахоўнікі яе не кантралююць і ніякай адказнасці за ровары не нясуць”, — распавядае студэнт Максім Урублеўскі. 16 траўня ровар, за які ён аддаў 420 долараў, скралі з паркоўкі ля хімфака. Хлопец звярнуўся ў міліцыю. Пакуль што працягвае хадзіць пешшу.
Будка ахоўнікаў месціцца ў 20 метрах ад велапаркоўкі, пра якую ідзе гаворка. Але ахоўваць ровары ўніверсітэт адмовіў:
(дакумент большага памеру)
Еўрарадыё вырашыла даведацца, як ахоўваюць велапаркоўкі ў Еўропе. Аляксандр, які жыве ў Лондане, распавядае, што такое сустракаецца вельмі рэдка:
“Шмат на якіх паркоўках увогуле напісана, што ўладальнікі ровараў пакідаюць іх пад сваю адказнасць. Ёсць платныя паркоўкі — боксы, у якія ровар змяшчаецца цалкам. Яны стаяць на вялікіх станцыях грамадскага транспарту і маюць сэнс, напрыклад, калі чалавек ездзіць на ровары ад працы да электрычкі. Ровар можна на ўсю ноч зачыніць у такім боксе, гэта больш-менш бяспечна”.
Лондан, Вялікабрытанія
Оксфард, Вялікабрытанія
Лондан, Вялікабрытанія
Лондан, Вялікабрытанія
Пры гэтым ровараў коштам у 300-400 долараў на вуліцах еўрапейскіх гарадоў вельмі мала. Еўрапейцы добра разумеюць, што іх ровары могуць скрасці, нягледзячы нават на тое, што ўвесь цэнтр Лондана добра прабіваецца камерамі назірання.
Аляксандр: “У асноўным, ровары тут — поўнае ламачча. Ёсць нават такая прымаўка: каб ровар не скралі, ён мусіць каштаваць танней за ланцуг, якім прывязаны. Гэтым усе і кіруюцца”.
У Мінску ўсё наадварот: рэдкі ровар каштуе менш за 300 долараў. Але мінчукі набываюць іх не толькі дзеля пантоў. Па плоскіх, як далонь, Амстэрдаме ці Капенгагене, ці па Лондане, добра прыстасаваным для пакатушак, можна ездзіць і на танным ровары. Па Мінску — не.
“У нас тут часам такія бардзюры бываюць, што як па гарах ездзіш. Таму і патрэбныя нам нятанныя горныя ровары з шырокімі коламі. А еўрапейцы могуць сабе дазволіць ездзіць на звычайных роварах. Ці старых, ці не”, — працягвае Максім Урублеўскі.
Эскільстуна, Швецыя
Гент, Бельгія
Олдэнбург, Нямеччына
Пакуль жа Мінск больш падобны не да Лондана, а да Масквы, на вуліцах якой танны ровар таксама не адшукаць. Распавядае Надзея, велааматарка са сталіцы Расіі:
“У Маскве ўвогуле няшмат раварыстаў. Бо адлегласці тут вялізныя, а ў метро, напрыклад, з роварам ездзіць зусім нязручна. Не тое, што ў Еўропе! Таму на іх ці ездзяць па раёне, ці катаюцца па парку. А старых ровараў я, здаецца, увогуле не бачыла. Зараз гляджу ў двор — там толькі новыя стаяць”.
У звычайных беларускіх электрычках ровар прыткнуць няма куды. У вагонах гарадскіх лініяў прасторныя тамбуры перад дзвярыма. Але зачапіць ровар няма за што, даводзіцца ўвесь час трымаць яго, стоячы побач. А вось як вандруюць з роварамі пасажыры эстонскіх электрычак:
Прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі кажа, што часцей за ўсё ў сталіцы ўганяюць танныя ровары беларускай вытворчасці. Крадуць іх з тамбураў перад кватэрамі, з калідораў, з тэрыторыяў пры доме, калі людзі пакідаюць іх “на хвіліначку”…
“Што датычыцца крадзяжу дарагіх ровараў: горных ці спартовых байкаў — натуральна, і такое здараецца. Кожны такі факт — рэзанансны. Але іх няшмат”.
Гронінген, Нідэрланды
Гронінген, Нідэрланды
Капенгаген, Данія
Жыхары сталіцы звярталіся ў Мінгарвыканкам з ініцыятывай абсталяваць роварныя стаянкі ўласнымі сістэмамі сігналізацый і іншымі сродкамі супрацьдзеяння крадзяжам.
“І ўвогуле хацелі іх прысабечыць. Але горад адказаў, што роварныя стаянкі не будуць перадавацца ва ўласнасць жыхарам”, — працягвае Аляксандр Ластоўскі.
Ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама гэтую інфармацыю пацвердзілі. Стварэнне прыватных велапарковак у Мінску ў бліжэйшы час не плануецца.
Але, каб зрабіць роварныя паркоўкі бяспечнымі, не абавязкова аддаваць іх у прыватную ўласнасць. Парупіцца пра іх бяспеку маглі б і самі гарадскія ўлады. Некалькі здымкаў з велапаркоўкамі даслалі Еўрарадыё нашы слухачы, якія жывуць у Цюрыху. Паводле іх слоў, ровары ўганяюць нават у забяспечанай Швейцарыі. Не так даўно некалькі ровараў зніклі з паркоўкі ля тамтэйшага офіса кампаніі Google. Тады вакол павесілі больш моцныя ліхтары, і крадзяжы перапыніліся.
Цюрых, Швейцарыя
Цюрых, Швейцарыя
Цюрых, Швейцарыя
Фота: карэспандэнты і сябры Еўрарадыё.