Брэсцкім уладам прапаноўваюць даць болей месцаў для пікетаў
Мясцовая арганізацыя Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” звярнулася ў гарвыканкам з адпаведнай прапановай.
Як паведаміла БелаПАН старшыня партыйнай арганізацыі Людміла Дзенісенка, пачынаючы ад 2009 года яе палітычная структура ніводнага разу не здолела рэалізаваць сваё права на правядзенне мітынгаў, дэманстрацый, сходаў ды іншых масавых мерапрыемстваў, не парушаючы пры гэтым беларускае заканадаўства.
Адзіным месцам у Брэсце, дзе можна ладзіць масавыя грамадска-палітычныя мерапрыемствы, з’яўляецца стадыён “Лакаматыў”. Але ж усе заяўкі левых на правядзенне пікетаў на гэтым аб’екце не былі задаволеныя. Аргументацыя: у гэты час на стадыёне ладзяць іншыя мерапрыемствы.
Практыка паказвае, што аднаго месца ў горадзе для такога кшталту збораў апазіцыі недастаткова, лічыць Людміла Дзенісенка.