Беларускія вытворцы вымушаныя перакладаць свае брэнды... на беларускую мову
Каб не дублявацца з расійскімі і казахскімі гандлёвымі маркамі. Рэклама на беларускай мове “паднімаецца” праз крызіс і Мытны саюз.
Рынак рэкламы “падае”, кліентаў менш, бюджэты скарачаюцца. Але няма дрэннага без добрага! Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне неспадзявана прымушае рэкламадаўцаў звярнуць увагу на беларускую мову.
“У рэкламнай камунікацыі робіцца больш словаў. Друкаваная рэклама сыходзіць. Усё больш робіцца інтэрнэта, тэлебачання, pr. А там, дзе больш словаў, там больш магчымасцяў выкарыстаць перавагі мовы. І тут беларуская мова ― гэта шанец вылучыцца!” ― тлумачыць кіраўнік сайта Marketing.by Сяргей Скараход.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі фестывалю AD.NAK!. Сяргей Скараход ― крайні злева
Збольшага, адразу замаўляюць рэкламу па-беларуску... замежныя кліенты. Рэкламісты прыгадваюць байку пра тое, як кампанія Sniezka зрабіла рэкламу па-беларуску, а пасля схапілася за галаву: чаго ж нам ніхто не сказаў, што ў вас на мове ніхто не размаўляе?! Гэта добра, што рэклама “стрэліла”!
Сяргей Скараход: “Атрымліваецца, што замежнікі больш дбаюць пра гэта. Калі Samsung прыходзіў у Беларусь, яны прынцыпова сказалі: усё рэкламу робім на нацыянальнай мове краіны. Гэта культура кампаніі. І павага да краіны”.
Сяргей Скараход, Зміцер Латушкін, Ніна Шыдлоўская
Свядомыя рэкламадаўцы прымаюць мову сваёй рэкламы ўжо тады, калі выбіраюць рэкламнае агенцтва. Бо калі бачыш назвы “Адліга” ці “Францыск-група” ― адразу разумееш, што нават размаўляць з табой там будуць па-беларуску. Але таксама хапае тых, каго даводзіцца гадзінамі пераконваць у мэтазгоднасці беларускамоўнай рэкламы. Распавядае дырэктар рэкламнага агенцтва “Пінгвін” Вольга Сарако:
“Вось гэты саюз Расіі, Беларусі і Казахстана. Беларускія таварныя знакі могуць у Расіі не мець прававой моцы, бо ў Расіі ўжо зарэгістраваныя такія ж назвы. І пачынаецца з нашымі грувасткімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі (не буду лепш называць канкрэтна) такі дыялог:
Яны: “Трэба нам нешта новае прыдумаць…”
Мы: “Трэба, вядома, трэба. А вы ў Расію са сваім прадуктам?”
Яны: “Так!”
Мы: “А ў Расіі ведаюць, што беларускі прадукт ― добры?”
Яны: “Так!”
Мы: Значыць, як ён павінен называцца?”
Яны: (паўза) “Па-беларуску???”
Мы: “Ну вядома!”
І упіраюцца. Але, дзякаваць Богу, хаця б некаторыя пагаджаюцца. Але ў выніку ўсё роўна ўсе да гэтага прыйдуць. Бо кожны маркетолаг ім патлумачыць, што малако з беларускай назвай будзе прадавацца лепш, чым з расійскай ці казахскай!”
Вольга Сарако
Рэклама на беларускай мове па-ранейшаму гучыць вельмі адрозна нават у Беларусі. Па словах Вольгі Сарако, частка рэкламадаўцаў гэтага пужаецца.
Вольга Сарако: “Але ў мяне ёсць вельмі важны аргумент. Вось прыходзіць кліент і кажа: “Мне патрэбная рэклама на радыё. Але, выбачайце, гэта “Рускае радыё”, і там усе ролікі на рускай мове”. Я адказваю, што беларуская мова ў рэкламе дадасць 25% мэтаўкі [мэтавай аўдыторыі. ― Еўрарадыё], бо вы будзеце размаўляць з людзьмі не так, як іншыя. Паслухайце, напрыклад, як рэкламуюцца на радыё нашы мясакамбінаты. Хіба можна знайсці адрозненні, зразумець, які гэта ― барысаўскі, бабруйскі ці нейкі іншы?”
Каардынатар грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” Ніна Шыдлоўская заўважае, што распаўсюджанню беларускай мовы ў рэкламе замінае тое, што яна асацыюецца з палітычнай сферай. Чыноўнікі з падазрэннем ставяць свае подпісы нават пад камерцыйнай рэкламай, зробленай па-беларуску. Што ўжо казаць пра рэкламу сацыяльную!
Два гады таму ў першым фэсце беларускамоўнай рэкламы AD.NAK! было 59 удзельнікаў і ўсяго 105 прац. Летась колькасць удзельнікаў пераваліла за 100. Яны падалі 272 працы! 27 красавіка адкрыты прыём прац на III фэст AD.NAK!