Беларускія медыкі-эмігранты церпяць з-за недаверу паміж Мінскам і ЕС
Пацвердзіць свой дыплом і працаваць ў Партугаліі па спецыяльнасці нашым лекарам будзе немагчыма.
Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя Партугалія сутыкнулася з недахопам лекараў. І гэта ў той час, калі на будоўлях і ў рэстарацыях працавала вялікая колькасць дактароў-эмігрантаў з краін Усходняй Еўропы, найперш, з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы. Вось толькі працаваць яны па спецыяльнасці не маглі, бо не мелі пацверджання свайго дыплома. Сітуацыю вырашылі выправіць супрацоўнікі Фонда Гулбенкяна (Calouste Gulbenkian Foundation).
Вось што расказаў падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы прадстаўнік Фонда доктар Агусіабра:
“Былі прадстаўленыя лічбы пра тое, што прысутнічаюць у Партугаліі дактары, якія працуюць не на кваліфікаванай працы, у якіх не былі прызнаныя дыпломы, Фонд Гулбенкяна вырашыў пачаць праграму для тых эмігрантаў, якія легальна знаходзіліся ў Партугаліі і маючы адукацыю медыцынскую, маглі атрымаць эквіваленцыю прызнання дыплома”.
На прапанову Фонда адгукнулася Міністэрства аховы здароўя, якое паабяцала працаўладкаваць усіх лекараў-эмігрантаў, якія пацвердзяць свой дыплом, і Міністэрства ўнутраных спраў, якое ў 2001 годзе аб’явіла амністыю для ўсіх нелегальных эмігрантаў. І ў 2002 годзе першая група дактароў-эмігрантаў з Усходняй Еўропы пачала рыхтавацца да паўторнай абароны дыплома, кажа доктар Агусіабра.
Доктар Агусіабра: “Для таго, каб атрымаць пацьверджанне свайго дыплома і інтэгравацца ў нацыянальнай сістэме аховы здароўя, неабходна здаць экзамен па партугальскай мове, экзамен па медыцыне, прайсці інтэрнатуру і запісацца ў Асацыяцыю дактароў. А потым — запіс на спецыялізацыю, ардынатуру, па той спецыяльнасці, якую кожны абіраў для сябе”.
У першай групе, кажа доктар, свае дыпломы абаранілі 106 са 120 дактароў з краін былога Савецкага Саюзу. Колькі дакладна ў ёй было беларусаў ці, да прыкладу, украінцаў, невядома. На той час у Фондзе не абцяжарваліся падзелам “студэнтаў” па нацыянальнасцях. Стыпендыю паклалі ўсім аднолькавую — 500 еўра ў месяц. Але калі ў 2008 годзе набіралі другую групу, паходжаннем пацікавіліся. Высветлілася, што гэтым разам сярод 89 кандадатаў было 40 украінцаў, 18 малдаван, 12 расіян, 2 беларускія дактары і яшчэ некалькі чалавек з іншых краін. Пераатэстацыя гэтай групы яшчэ працягваецца — праграма павінна завяршыцца ў ліпені сёлета.
Карэспандэнту Еўрарадыё ўдалося сустрэцца з доктарам-педыятарам з Украны Вольгай Баевай, якая “абараняла” свой дыплом у першай групе. Доктар прызналася, што гэтая праграма дазволіла ёй вярнуцца да любімай працы і атрымліваць добрыя грошы. Хоць працаваць, кажа, і даводзцца шмат.
Вольга Баева: “Прыкладна 1500-1700 еўра — гэта стаўка. А потым вы напрацоўваеце яшчэ. Вы дзяжурыце дзень і ноч, у вас працоўны дзень з 9 да 12 ночы. Карацей, у Партугаліі дактары зарабляюць, але яны вельмі шмат працуюць”.
Праўда, і зарабляюць добра. Як прызналася Вольга, з усімі даплатамі за дапрацоўкі, дзяжурствы ды дадатковую працу лекары атрымліваюць ад 3 тысяч еўра і вышэй. Часта — значна вышэй.
Вось толькі далейшага працягу гэтай праграмы не будзе. Нягледзячы на тое, што добрых дактароў у Партугаліі па-ранейшаму не хапае, асабліва ў рэгіёнах. Як патлумачыў карэспандэнту Еўрарадыё доктар Агусіабра, зараз дыпломы дактароў з краін Усходняй Еўропы будуць у Партугаліі прызнавацца аўтаматычна. Спакойна ў пошуках лепшай долі сюды могуць ехаць лекары з Украіны, Малдовы, Расіі, але не Беларусі. Беларускія дыпломы не прызнаюць па-ранейшаму. Але дапамогі ў іх пацверджанні ім чакаць не даводзіцца.
Доктар Агусіабра: “У выніку адпаведнай дырэктывы Еўрасаюза Партугалія пашырыла спектр краін, эмігранты з якіх атрымліваюць эквіваленцыю дыплома аўтаматычна. Тры краіны Ўсходняй Еўропы — Малдова, Украіна і Расія — аўтаматычна атрымліваюць гэта пацверджанне”.
Чаму так, доктар Агусіабра не ведае. Але як патлумачыла кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Партугаліі Маргарыда Маркус (Margarida Margues), прычына ў адсутнасці даверу паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Маргарыда Маркус: “Працэсу прызнання дыпломаў папярэднічае стварэнне базы даверу. Праз розныя праграмы і сумесныя праекты. Для таго, каб павялічыць давер і ўзаемадзеянне сістэм Еўрасаюза ды іншых краін. Для таго, каб такі недавер не існаваў, неабходна заключыць адпаведныя двухбаковыя пагадненні паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю”.
Па словах камісара па справах эмігрантаў Разарыё Фармхаўс (Rosario Farmhouse), цяпер у Партугаліі жыве і працуе 1002 эмігранты з Беларусі. Колькі з іх дактароў — дакладна невядома. Але яна не раіць ехаць сюды тым беларускім медыкам, хто хацеў бы працаваць па спецыяльнасці ў новай краіне — пацвердзіць дыплом ім будзе практычна немагчыма. Хоць краіна гэтая для эміграцыі па ўсіх іншых сацыяльна-эканамічных і кліматычных паказчыках даволі прывабная.
Фота — rus.ruvr.ru і Змітра Лукашука