“Беларускі рух” збіраецца дзейнічаць у якасці “партызанскага атрада”

Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларускі рух” не збіраецца бліжэйшым часам падаваць дакументы на рэгістрацыю. Як паведаміў Еўрарадыё сябра аргкамітэта Віктар Івашкевіч, яны не хочуць, каб спісы сябраў партыі, пададзеныя ў Мінюст, сталі вядомыя КДБ.


Віктар Івашкевіч: “Пісаць нейкія паперы фактычна ў ГБ, прадастаўляючы туды спісы сваіх актывістаў, абсалютна бессэнсоўна і абсурдна. Рэгістравацца ў гестапа партызанскаму атраду, прадастаўляючы спісы сваіх сяброў і адрасы явак — гэта абсурд”.


Па яго словах, скласці спісы, правесці ўстаноўчы сход і падрыхтаваць усе неабходныя для рэгістрацыі партыі паперы для аргкамітэта не праблема. Вось толькі рабіць яны гэта будуць, кажа Івашкевіч, калі ў краіне зменіцца палітычная сітуацыя, будзе "нармальны Мінюст" і сапраўдная свабода слова, сходаў і саюзаў.


Палітык сцвярджае, что ідэя заставацца “аргкамітэтам па стварэнні партыі” ў іх з’явілася зусім нядаўна, а ад пачатку ўсе былі сур’ёзна настроеныя на афіцыйную рэгістрацыю новай партыі. І, па словах Івашкевіча, яны гатовыя да таго, што да іх будуць ужытыя прэвентыўныя рэпрэсіўныя меры.


Віктар Івашкевіч: “Але на сённяшні дзень гэтыя прэвентыўныя меры магчыма ўжыць толькі да некалькіх чалавек, якія публічна ў СМІ выступаюць пад гэтай назвай. Але гэта не тычыцца тых соцен актывістаў, якія на сённяшні дзень ёсць і якія будуць далучацца да працы. Іх прозвішчы пад дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі не "свецяцца". А такія, як Вячорка, я, Хадыка — даўно "пад сякерай" ходзім і прызвычаіліся”.


Да таго ж, кажа, зараз аргкамітэт ініцыяваў кампанію “Байкот рэжыму!” і ўсе сілы ідуць на яе, а не на нікому непатрэбныя ў сённяшніх умовах спробы рэгістрацыі партыі.

Фота — svaboda.org